19 мая 2012 года Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў рамках міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” запрашае жыхароў і гасцей сталіцы далучыцца да музейнага праекта “Паўлінка-NEXT”.
У 2012 годзе спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы і 100 гадоў з напісання яго знакамітай п’есы “Паўлінка”.
Паўлінка вяртаецца сёння! Святочная ноч ажывіць купалаўскіх персанажаў, збярэ безліч Паўлінак, зачаруе мілагучнымі спевамі і завабіць у карагод старадаўніх танцаў!
Музей будзе працаваць для наведвальнікаў з 18:00 да 02:00.
ПРАГРАМА:
18:00“Парад Паўлінак”. Неверагодная колькасць Паўлінак, шарм дзявочай прыгажосці чакаюць вас у парку Янкі Купалы!
18:00–20:00 – “Пад дуду і пад цымбалы…”. Весялосць і радасць шчыра падораць кожнаму калектывы “Вязынка” і “Мілавіца”.
18:30–22:00 – “Танцы ля фантана”. Майстар-клас па старадаўніх беларускіх народных танцах. Гурты “Квецень” і “Тутэйшыя” захопяць у вір добрага настрою!
18:30–21:00 – “Чытаем Купалу разам”. Чытанне вершаў Янкі Купалы і інсцэніроўка ўрыўкаў з п’есы “Паўлінка”. Кожны атрымае магчымасць раскрыць свае акцёрскія здольнасці і адчуць сябе персанажам купалаўскага твора.
18:30–22:00 –  “Жывая алея”. Рэальная сустрэча з Паўлінкай, Якімам Сарокам, Адольфам Быкоўскім, Альжбетай і Сцяпанам Крыніцкімі, Пранцысем і Агатай Пустарэвічамі. Не прапусціце магчымасць “ажывіць” герояў!
18.30–22.00“Местачковы кірмаш”. Запрашаем на кірмаш рамёстваў HandMade. Толькі для вас дызайнерскія ўпрыгожванні і вырабы на любы густ!
20:00–24:00 – “Дзявочая краса – доўгая каса”. Якая ж Паўлінка без касы? Спецыялісты правядуць майстар-клас па пляценні косаў і конкурс на самую прыгожую і доўгую касу.
20:00–24:00салон “У Паўлінкі”. Арыгінальныя рэчы з воўны – сваімі рукамі! Майстар-клас па валянні.
20.00–02:00канцэртная праграма маладых выканаўцаў “З Купалам у сэрцы”. У рэжыме нон-стоп для вас выступяць “Alta Mente”, “Нельга забыць”, “Varadero”, школа этнічных барабанаў “TekaDUM”, Сяргей Антонаў, Алесь Камоцкі, Алеся Сівохіна і тэатр “Жывое слова”, Раман Яраш, Андрэй Касцень.
Квіткі: 10 000 руб.
У ноч музеяў толькі раз “Паўлінка-NEXT” збірае нас!

11 мая 2012 г.літаратурная вечарына “Тут я бачу свой край…” да 70-гадовага юбілею паэта Сяргея Панізніка.
Пачатак у 17.00. Уваход вольны.
15 мая 2012 г.метадычны занятак для кіраўнікоў груп ідэалагічнай падрыхтоўкі вайсковых частак Мінскага гарнізона Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь.
Пачатак у 14.00.
17 мая 2012 г.літаратурная вечарына да 65-гадовага юбілею паэтэсы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы Раісы Баравіковай.
Пачатак у 17.00. Уваход вольны.
19 мая 2012 г.Музейная ноч “Паўлінка-NEXT”.
Пачатак у 18.00. Уваход: 10 000 рублёў.
24 мая 2012 г.канцэрт удзельнікаў другога этапа конкурсу аўтарскай песні “Купалаўскія вакацыі”.
Пачатак у 18.00. Уваход: 5 000 рублёў.
26 мая 2012 г.падвядзенне вынікаў творчага конкурсу “З Купалам у сэрцы…”
Пачатак у 12.00. Уваход вольны.
31 мая 2012 г.чарговы этап грамадска-культурнай акцыі “Чытаем Купалу разам” з удзелам прадстаўнікоў Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь.

26 красавіка 2012 года ў Дзяржаўным гісторыка-літаратурным і прыродна-ландшафтным запаведніку А.С. Пушкіна “Міхайлаўскае” (Расійская Федэрацыя) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “Янка Купала і Якуб Колас – беларускія песняры”, прымеркаванай да 130-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры. Гэта сумесны выставачны праект Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Дзяржаўнага гісторыка-літаратурнага і прыродна-ландшафтнага запаведніка А.С. Пушкіна “Міхайлаўскае”, здзейснены ў рамках пагаднення аб супрацоўніцтве паміж трыма музеямі.
Выстаўка знаёміць з творчасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа ў кантэксце рускай і сусветнай літаратуры, адлюстроўвае геаграфію сустрэч і сяброўства народных паэтаў Беларусі з рускімі пісьменнікамі. Разнастайныя музейныя калекцыі старэйшых літаратурных музеяў Рэспублікі Беларусь даюць магчымасць прайсці шляхамі Янкі Купалы і Якуба Коласа на рускай зямлі. Работы беларускіх мастакоў, літаратурна-дакументальныя матэрыялы дазволяць дакрануцца да несмяротнай спадчыны Янкі Купалы і Якуба Коласа, творчыя лёсы якіх цесна звязаны з культурай рускага народа.
На выстаўцы экспануюцца ілюстрацыі да твораў песняроў знакамітых беларускіх мастакоў Георгія Паплаўскага, Арлена  Кашкурэвіча, Міхаіла Басалыгі, Васіля Шаранговіча, Янкі Раманоўскага, Анатоля Александровіча, Лазара Рана, Барыса Заборава, Юрыя Зайцава, Георгія Грамыкі, Яўгена Ціхановіча, Эдуарда Агуновіча, работы якіх увайшлі ў залаты фонд беларускай кніжнай графікі XX – пачатку XXI стагоддзя.
Аснову літаратурна-дакументальнай часткі выстаўкі складаюць рукапісы перакладаў твораў Янкі Купалы рускімі літаратарамі, прыжыццёвыя выданні паэта з аўтографамі В.Брусаву, А.Карынфскаму, М.Ісакоўскаму, М.Горкаму, выданні твораў Якуба Коласа на рускай мове, перапіска класікаў беларускай літаратуры з сябрамі і калегамі. Кранальным сведчаннем пра трапяткое стаўленне Якуба Коласа да нашчадкаў А.С. Пушкіна з’яўляецца ліст на імя другога сакратара ЦК КП (б) М.Ламакіна з просьбай падтрымаць праўнучку А.С. Пушкіна В.К. Красоўскую і яе сына, якія ў 1943 годзе ў эвакуацыі пакутавалі ад голаду.
Асобная частка экспазіцыі выстаўкі прысвечана тэме «Беларускія песняры і А.С. Пушкін», дамінантай якой з’яўляецца пераклад Янкі Купалы знакамітай паэмы А.С. Пушкіна «Медны коннік», зроблены да 100-годдзя з дня смерці паэта.
Выстаўка «Янка Купала і Якуб Колас – беларускія песняры» – сведчанне сяброўства двух народаў, любові і павагі да несмяротнай спадчыны А.С. Пушкіна, Янкі Купалы і Якуба Коласа, працяг традыцый культурнага супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх літаратурных музеяў.

Яшчэ ў калысцы я наўчыўся з песень сніць
Аб гэтых блізкіх мне, а цесных так мясцінах:
Што роднай нівы я мільённая часціна,
Што зоркі роднай ў сэрцы мне іскрынка тліць.

Янка Купала

19 красавіка а 17-й гадзіне Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы сумесна з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі запрашае на літаратурна-музычнае мерапрыемства “Янка Купала – выток паэзіі і музыкі”, прысвечанае 130-годдзю з дня нараджэння Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.
Для ўдзельнікаў вечарыны Янка Купала – гэта не толькі напісанае ім. Само імя – Янка Купала – знак неўміручасці беларускага духу, заклік да барацьбы за чалавечую годнасць, за праўду і незалежнасць. Адказ на пытанне: “А хто там ідзе?” – знойдзецца толькі тады, калі мы зможам самі сабе сумленна і свядома адказаць, хто мы такія, беларусы…
Вершы Янкі Купалы, музычныя творы на словы паэта, а таксама музыка, навеяная яго думкамі і пачуццямі, прагучаць у выкананні кампазітараў з прафесарска-настаўніцкага складу Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі – Віктара Войціка, Вячаслава Кузняцова, Уладзіміра Каральчука, Міколы Літвіна, Ларысы Мурашкі, Сяргея Янковіча, паэтаў – Сяргея Панізніка, Паўла Шрубы, студэнтаў і аспірантаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Чакаем усіх аматараў мілагучнай беларускай мовы і Купалавага слова па адрасе: вул. Янкі Купалы, 4, г.Мінск.

Палажэнне
аб конкурсе творчых работ “З Купалам у сэрцы…”

1. Апісанне конкурсу:

Конкурс “Чытаем Купалу разам” вызначае лепшага чытальніка вершаў Янкі Купалы сярод трох узроставых катэгорый: вучні 1–4 класаў, вучні 5–7 класаў, вучні 8–11 класаў.
Конкурс “Мара” вызначае лепшую аб’ёмную мадэль самалёта, зробленую дзецьмі малодшага школьнага ўзросту (работы з паперы, кардону, прыродных матэрыялаў, бытавых прадметаў і ўсяго, што падкажа фантазія).
Конкурс “Мара” праводзіцца паводле аднаго з лепшых твораў Янкі Купалы для дзяцей – верша “Хлопчык і лётчык”. Гэты твор некалі натхніў маленькага Юрыя Гагарына на дасягненне запаветнай мары, і яна здзейснілася! Як сведчанне таму у фондах музея захоўваецца кніга з аўтографам маці Юрыя Гагарына Ганны Цімафееўны.
Конкурс “Якім я бачу музей Янкі Купалы” вызначае лепшы электронны макет (камп’ютарная графіка), лепшы аб’ёмны макет, лепшы эскізны праект экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, зроблены вучнямі 8–11 класаў. Сучасная экспазіцыя музея створана народным мастаком Беларусі Эдуардам Агуновічам у 1976 годзе. У юбілейным 2012 годзе плануецца адкрыццё новых экспазіцыйных залаў, дзе будзе ўсталявана сучасная тэхніка, якая дазволіць усім наведвальнікам убачыць, якім уяўляюць сабе музей першага народнага паэта Беларусі дзеці ХХІ стагоддзя. Мы прапануем стварыць адну з сямі залаў музея:
1. “Роднай нівы я мільённая часціна…” – вытокі: дзіцячыя і юнацкія гады паэта;
2. “Я буду маліцца і сэрцам, і думамі…” – нараджэнне класіка;
3. «Ад “Паўлінкі” да “Тутэйшых”» – роля Янкі Купалы ў станаўленні і развіцці беларускага тэатра;
4. “Мінск – сталіца, гордасць наша…” – родны горад паэта (1919–1941);
5. “Янка Купала – дзецям” – творы паэта для дзяцей;
6. “Клічу вас я на пабеду….” – жыццё і творчасць Янкі Купалы ў час Вялікай Айчыннай вайны.

2. Асноўныя мэты конкурсу:

Папулярызацыя творчасці першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.
Прадстаўленне музея як актуальнай сферы жыцця моладзі.
Развіццё творчых здольнасцей і заахвочванне таленавітых вучняў да ўдзелу ў культурным жыцці краіны.

3. Месца правядзення конкурсу:

Конкурс праводзіцца на базе Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы па адрасе: вул. Янкі Купалы, 4, г. Мінск.

4. Этапы правядзення конкурсу:

1 этап – люты – красавік 2012 года (у навучальных установах);
2 этап – 19 мая 2012 года (у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы).

5. Арганізацыя конкурсу:

Арганізатарам конкурсу з’яўляецца Дзяржаўны музей Янкі Купалы, з прадстаўнікоў якога фарміруецца арганізацыйны камітэт (далей – аргкамітэт). Аргкамітэт вызначае намінацыі конкурсу, правілы і парадак яго правядзення, а таксама адказвае за арганізацыю рэкламы і асвятлення конкурсу ў сродках масавай інфармацыі.
Адабраныя ў навучальных установах па выніках 1 этапа конкурсу лепшыя работы, імёны і прозвішчы пераможцаў неабходна накіраваць у музей да 01.05.2012.
Фінал конкурсу, прымеркаваны да Міжнароднага дня музеяў, адбудзецца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы 19.05.2012. Пасля падвядзення вынікаў лепшыя работы будуць экспанавацца ў выставачнай зале музея.
Для больш плённай работы ўдзельнікі конкурсу могуць наведаць музей: праслухаць экскурсію і прыняць удзел у інтэрактыўных праектах.
На падвядзенні вынікаў конкурсу будуць прысутнічаць вядомыя асобы нашай краіны – прадстаўнікі органаў кіравання, творчай інтэлігенцыі, дзеячы навукі і культуры.

6. Намінацыі конкурсу:

“Лепшы чытальнік вершаў Янкі Купалы” ў рамках конкурсу “Чытаем Купалу разам”;
“Лепшая аб’ёмная мадэль самалёта” ў рамках конкурсу “Мара”;
“Лепшы макет экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы” ў рамках конкурсу “Якім я бачу музей Янкі Купалы”.

7. Журы конкурсу:

Судзейства ажыццяўляецца выбраным журы з ліку арганізатараў конкурсу.

8. Падвядзенне вынікаў конкурсу:

Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў абудзецца ў рамках фінальнага этапа. Пераможцы ўзнагароджваюцца дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.

9. Кантакты:

Тэлефон для даведак: 327 78 66, аддзел культурна-адукацыйнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

12 красавіка 2012 г. – чарговы этап грамадска-культурнай акцыі “Чытаем Купалу разам” з удзелам вучня і настаўнікаў сярэдніх агульнаадукацыйных школ імя Янкі Купалы.
Пачатак у 18.00. Уваход вольны.
13 красавіка 2012 г. – адкрыццё выстаўкі “З кутка жаданняў”. Выстаўка кніжнай графікі па матывах твораў Янкі Купалы “З кутка жаданняў” з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
Пачатак у 17.00. Уваход вольны.
19 красавіка 2012 г. – чарговы этап грамадска-культурнай акцыі “Чытаем Купалу разам” з удзелам валанцёраў – студэнтаў сталічных ВНУ.
Пачатак у 18.00. Уваход вольны.
25 красавіка 2012 г. – музычная вечарына “Мінск – Ерузалім” з удзелам Рамана Абрамчука і гурта “Абрыкосавы сад”.
Пачатак у 19.00. Уваход: 20 000 рублёў.
27 красавіка 2012 г. – музычная вечарына “Споведзь” з удзелам Наталіі Клімковіч. Наталля Клімковіч – урач, лаўрэат ХІ Усерасійскага конкурсу раманса “Голас асенні”; акампанемент: Андрэй Сівакоў (баян), дыпламант міжнародных конкурсаў; канферанс: Наталля Касцюкевіч, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Пачатак у 18.30. Уваход: 20 000 рублёў.
29 красавіка 2012 г. – сумесны праект Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Федэрацыі прыгодніцкіх гонак, гульня-пуцяводнік “Адрыў” (1 этап “У пошуках папараць-кветкі” (у будынку музея), 2 этап “Адрасы паэта” (па вуліцах г. Мінска).
Пачатак у 12.00. Уваход вольны.

29 сакавіка а 16-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбудзецца чарговы этап грамадска-культурнай акцыі “Чытаем Купалу разам”, у якой прымуць удзел акцёры вядучых беларускіх тэатраў: Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, тэатра аднаго акцёра “Зніч”.
Янка Купала і беларускі тэатр – значная тэма як у жыцці і творчасці беларускага песняра, так і ў гісторыі нацыянальнага сцэнічнага мастацтва. Янка Купала стаяў ля вытокаў нацыянальнай драматургіі, стварэння і развіцця беларускага тэатра. Як адзначае літаратуразнаўца П. Васючэнка: “…тэатр Купалы не ў меншай ступені, чым ягоная лірыка, папоўніў скарбніцу еўрапейскай і сусветнай культуры значнымі творамі. П’есы Янкі Купалы – сапраўдныя перлы беларускага прафесійнага і аматарскага сцэнічнага мастацтва”. А славутая “Паўлінка” вось ужо 99 гадоў не сыходзіць з тэатральных падмосткаў не толькі на Беларусі, але і за яе межамі.
Купалаўскія п’есы – крыніца, якая жывіла і жывіць творчасць не аднаго пакалення драматургаў, рэжысёраў, акцёраў, мастакоў, кампазітараў, дае сілы і наталяе шматлікіх гледачоў, прыхільнікаў таленту Янкі Купалы.
Слова Янкі Купалы неаднойчы гучала з падмосткаў беларускіх тэатраў, а падчас нашай акцыі акцёры прачытаюць любімыя вершы Янкі Купалы ў Купалавым доме.

ІНФАРМАЦЫЙНЫ ЛІСТ

МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
ДЗЯРЖАЎНЫ ЛІТАРАТУРНЫ МУЗЕЙ ЯНКІ КУПАЛЫ
МІЖНАРОДНЫ ФОНД ЯНКІ КУПАЛЫ
20 – 21 чэрвеня 2012 года
запрашаюць прыняць удзел у Х Міжнародных Купалаўскіх чытаннях
“Янка Купала. Дыялог з XXI стагоддзем”,

прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння
першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы

Да ўдзелу ў канферэнцыі запрашаюцца навукоўцы (літаратуразнаўцы і мовазнаўцы, культуролагі, гісторыкі, мастацтвазнаўцы, музейныя работнікі і іншыя спецыялісты), сфера навуковых інтарэсаў якіх звязана з вывучэннем і інтэрпрэтацыяй розных аспектаў жыцця і творчасці Янкі Купалы.
Асноўнымі мэтамі канферэнцыі з’яўляюцца аналіз творчасці народнага паэта Беларусі і яе ролі ў фарміраванні беларускай філасофскай і эстэтычнай думкі, беларускай літаратуры і культуры, яе ўплыву на станаўленне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і дзяржаўнасці; разгляд і абмеркаванне фундаментальных праблем, звязаных з успрыманнем творчасці Янкі Купалы ў сучасным свеце, тэатральных, мастацкіх і музейных інтэрпрэтацый.
Чытаць далей

img

24 сакавіка а 12-й гадзіне Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Вязынка”, філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, запрашае на Гуканне вясны. Музей ладзіць мерапрыемства сумесна са Студэнцкім этнаграфічным таварыствам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка.
Госці свята атрымаюць магчымасць пачуць гукальныя песні, далучыцца да веснавых карагодаў, прыняць удзел у народных гульнях, патанчыць пад дуду, пагушкацца на арэлях, наведаць кірмаш народных майстроў. Пасля актыўных гульняў і шпаркіх танцаў наведвальнікаў чакаюць стравы традыцыйнай беларускай кухні.

Далей >>