100 год з дня нараджэння Ядвігі Раманоўскай

12 ліпеня 2020 г. споўнілася 100 год з дня нараджэння Ядвігі Юльянаўны Раманоўскай, пляменніцы Янкі Купалы, нястомнага захавальніка спадчыны Песняра.

Я.Ю.Раманоўская выступае перад мікрафонам.

Ядвіга Юльянаўна — чалавек з кагорты тых рупліўцаў беларускай культуры, якія рабілі сваю справу старанна і карпатліва, без гучных дэкларацый, але менавіта дзякуючы якім не згас агеньчык Памяці і Спадчыны.

Ядвіга Юльянаўна Раманоўская на працягу 42 гадоў працавала ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы (1960-2002), з якіх на працягу 26 гадоў (1960-1986) галоўным захавальнікам фондаў музея, збірала купалаўскую рукапісную спадчыну, дакументы і матэрыялы да біяграфіі Янкі Купалы і яго асяроддзя, успаміны пра Песняра сучаснікаў паэта, прымала ўдзел у стварэнні экспазіцый і выставак у музеі і яго філіялах. Аўтар і рэцэнзент шматлікіх артыкулаў энцыклапедычнага даведніка «Янка Купала», буклетаў, артыкулаў у перыядычным друку. Дзякуючы намаганням Ядвігі Юльянаўны ўсталяваны мемарыяльныя дошкі, увекавечаны мясціны, звязаныя з жыццём і творчай дзейнасцю Янкі Купалы.

Музей ушаноўвае памяць пляменніцы Янкі Купалы, працягвае яе руплівую працу па ўвекавечванні спадчыны Песняра!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *