75 гадоў таму…

Сёлета 75 гадоў, як была падпісана пастанова ЦК КП(б)Б і СНК БССР ад 04.08.1945 № 1139-292 “Аб увекавечанні памяці Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы”, якая стала пачаткам музеефікацыі Вязынкі і Ляўкоў, дзе сёння працуюць філіялы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Вязынка

У 1882 годзе ў Вязынцы нарадзіўся Ян Луцэвіч – будучы Народны паэт Беларусі Янка Купала. Філіял “Вязынка” быў адкрыты для наведвальнікаў 20 жніўня 1948 года, яго стварэннем кіравала жонка паэта і першы дырэктар музея Уладзіслава Францаўна Луцэвіч.

З 1972 года музей – сэрца Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка “Вязынка”. Экспазіцыя мае мемарыяльную і дакументальна-літаратурную часткі, прысвечаныя нараджэнню чалавека і нараджэнню паэта. У мемарыяльнай частцы ўзноўлены інтэр’ер пакоя, дзе жыла сям’я Луцэвічаў. Атмасферу даўняга побыту ствараюць аўтэнтычныя рэчы канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.

У 2012 годзе падарункам да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы стала новая экспазіцыя філіяла, якая знаёміць з гісторыяй рода Луцэвічаў і гісторыяй Вязынкі.

Вязынка – мясціна, якой выпаў лёс стаць радзімай Песняра, тут пачаўся жыццёвы шлях Яна Луцэвіча – чалавека, які атрымаў ад Бога чуйную душу і шчодры дар слова.

Ляўкі

Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Ляўкі” быў створаны ў 1978 годзе.

На высокім беразе Дняпра, сярод стромкіх соснаў і бяроз стаіць дача, збудаваная як падарунак паэту з нагоды 30-годдзя яго творчай дзейнасці.

Янка Купала ўпершыню пабываў у Ляўках у красавіку 1935 года і быў зачараваны маляўнічымі краявідамі. Тут паэт з сям’ёй і сябрамі праводзіў кожнае лета да 1941 года.

У полымі вайны дача паэта згарэла і была адбудавана ў 1981 годзе. У 2015 у будынку былой канторы Копыскага лясніцтва створана новая літаратурна-дакументальная экспазіцыя, якая знаёміць з жыццём і творчасцю Янкі Купалы 1930–1940-х гадоў. У гаражы экспануецца аўтамабіль “Шэўрале”, падараваны паэту беларускім урадам у 1939 годзе.

Скульптар Анатоль Анікейчык стварыў рамантычны помнік паэту. Сёння кожны, хто завітае ў Ляўкі, мае магчымасць прысесці побач з Янкам Купалам і паглядзець на хараство мясціны, якая помніць яго апошні шлях па роднай беларускай зямлі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *