95 гадоў таму Янку Купалу было нададзена званне народнага паэта Беларусі

 

10 чэрвеня 1925 г. паэтычны талент Янкі Купалы атрымаў афіцыйнае прызнанне з боку дзяржавы. Пастановай Савета Народных Камісараў БССР Янку Купалу было нададзена званне народнага паэта Беларусі ў сувязі з 20-годдзем літаратурнай дзейнасці.

 

 

 

 

 

У вершы “Шляхам гадоў” паэт згадвае свой творчы шлях і разважае пра яго неадрыўна ад лёсу Бацькаўшчыны.

Як пацерку да пацеркі, за годам год

На шнур жыцця ўсё ніжа, ніжа;

Адна з тых пацерак сцюдзёная, як лёд,

Другая цёплая, як сонца летні ўсход…

…………………………………………………..

Вось так шляхамі год дагэтуль я ішоў

З адною думкаю аб шчасці Беларусі…

 

 

З нагоды святкаванняў газета “Савецкая Беларусь” № 107 ад 16 мая 1925 г. прысвяціла 20-годдзю творчай дзейнасці Янкі Купалы.

43-гадовы Янка Купала на той час быў адным з кагорты старэйшых беларускіх пісьменнікаў. У 1925 г. на Пленуме Цэнтральнага бюро Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк” Янка Купала зрабіў здымак з маладымі літаратарамі. “Сядзеў у паліто і зімовай шапцы не на пярэднім плане, а ў сярэдзіне, і з ледзь прыкментнай лагоднай усмешкай паглядаў на маладнякоўцаў, якія сядзелі вакол яго…” – успамінаў Кандрат Крапіва. Маладыя пісьменнікі звалі Купалу “дзядзька Янка”.

Унікальнае выданне – кніга “Маладняк Янку Купалу” выйшла ў 1925 г. у Мінску. У зборнік увайшлі вершы Янкі Купалы і прысвячэнні паэту ад маладнякоўцаў у празаічнай і вершаванай форме.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *