Адкрылася выстава Музея Янкі Купалы “Жыву я ў сваім родным краі” ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы

26 мая ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І. Леніна адбылося адкрыццё выставы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Жыву я ў сваім родным краі”, прысвечанай ранняму перыяду жыцця і творчасці народнага паэта. Гэта час напісання твораў, якія склалі яго знакамітыя зборнікі “Жалейка”, “Гусляр”, “Шляхам жыцця” і “Спадчына”. Рэпрадукцыі мастацкіх работ з музейнага збору ўзнаўляюць аблічча младога Купалы ў час працы на бровары ў Яхімоўшчыне, у гады вучобы ў Пецярбургу, знаёмяць наведвальнікаў з ваколіцамі Яхімоўшчыны, мясціны, дзе нараджаліся вершы, якія сталі асновай “зорных” зборнікаў паэта. На выставе прадстаўлены мастацкія працы Міхаіла Бельскага, Кастуся Харашэвіча, Міхаіла Міронава і іншых мастакоў. У цэнтры – кампазіцыйны партрэт “Янка Купала ў Пецярбургу”, работа выдатнага графіка Янкі Раманоўскага, пляменніка паэта. Дапаўняюць выставу кнігі з творамі Янкі Купалы з фондаў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна.

Адкрыла прэзентацыю дырэктар бібліятэкі Таццяна Забіяка. У праграме імпрэзы прагучалі вершы народнага паэта, якія дэкламавалі гомельскія школьнікі.

Выстава, прымеркаваная да 140‑годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і 100‑годдзя зборніка “Спадчына”,
працягнецца да 30 чэрвеня.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *