15 мая адбылася прэзентацыя кнігі аднаго верша “А хто там ідзе?” у перакладзе на 100 моў свету

Кніга ўбачыла свет напрыканцы сакавіка 2018 года ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

Верш “А хто там ідзе?” нездарма называюць народным гімнам. Гэты твор стаў яскравым увасабленнем абуджэння нацыянальнай самасвядомасці, чалавечай годнасці і патрыятызму беларускага народа. У простых і шчырых радках купалаўскага верша б’юцца сэрцы мільёнаў беларусаў, якія імкнуцца да шчасця і волі, якія аб’ядналіся ў агромністай грамадзе, каб перад усім светам з гонарам засведчыць сваё права “людзьмі звацца”.

Музей ладзіць прэзентацыю сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур. Верш “А хто там ідзе?” прагучыць з вуснаў прадстаўнікаў нацыянальных дыяспар: Грузіі, Малдовы, Украіны, Карэі, Германіі, Казахстана, Літвы, Татарстана, Чэхіі. У аўтарскім перакладзе на адну з моў народаў Дагестана – карацінскую – верш прагучыць у выкананні пісьменніка Хізры Асадулаева.

Польскі даследчык Ежы Янкоўскі так пісаў пра славуты верш Янкі Купалы “А хто там ідзе?”: “Веліч пакрыўджанага народа, які ідзе на барацьбу за сваю чалавечую годнасць, на бой за шчасце, уздымае чытача. Песня аб тым вялікім паходзе імпануе, трывожыць, пранізвае пагрозай чакання. Народ ідзе! Песня вырастае да сілы гімна…”. Сёння ў рытме верша адчуваецца шэсце дзевяцімільённага беларускага народа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *