31 жніўня 2017 г. а 17.30 адбылося адкрыццё выставы “Кузьня беларускага духу”

Упершыню ў Беларусі прадстаўлены ўнікальныя матэрыялы з гісторыі беларускага школьніцтва са збораў Грамадскай арганізацыі “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча” (Вільнюс, Літва) і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Выстава прапаноўвае рэтраспектыўны погляд на гісторыю Віленскай беларускай гімназіі – цэнтра  беларускага школьніцтва 1920-30-х гадоў, на ўзор якога ствараліся гімназіі на тагачасных абшарах Заходняй Беларусі:  Наваградку, Радашковічах, Клецку. У 1920 і 1941 годзе пачэсным госцем вучняў Віленскай беларускай гімназіі быў Янка Купала.

Выставачны праект “Кузьня беларускага духу” скіраваны на вывучэнне і перайманне лепшых традыцый беларускага школьніцтва – спазнання спадчыны продкаў і сусветнай культуры на сваёй роднай мове. Бо нацыянальная асвета – краевугольны камень будаўніцтва дзяржаўнасці Беларусі.

Інтэрактыўная праграма выставы дасць магчымасць азнаёміцца з рарытэтнымі выданнямі 1920-30-х гадоў: творамі Даніэля Дэфо, Марка Твена, Віталя Біянкі па-беларуску. Можна будзе адчуць сябе вучнем Віленскай беларускай гімназіі: пазнаёміцца з вучэбнай праграмай, пагартаць вучнёўскія сшыткі і нарэшце праверыць сваю кемлівасць – выканаць заданні таго часу.

Выставачны праект скіраваны на наведвальнікаў розных катэгорый, і ў першую чаргу для вучнёўскай моладзі.

Для арганізаваных груп пры папярэднім запісе могуць быць праведзены тэматычныя інтэрактыўныя экскурсіі.

Наведаць выставу можна да 27 верасня 2017 года

Кошт уваходных квіткоў на выстаўку “Кузьня беларускага духу” з 01.09.2017 па 27.09.2017:
3,00 – для дарослых,
2,25 – для студэнтаў (зніжка 25 %),
1,50 – для школьнікаў і навучэнцаў (зніжка 50%).