26 чэрвеня 2018 года а 17-й гадзіне адбудзецца адкрыццё выставачнага праекта “Сцэнаграфія Мсціслава Дабужынскага” з фондаў музея музыкі, тэатра і кіно Літвы

Выстава прысвечана аднаму з найбольш знаных тэатральных мастакоў ХХ ст.

Творчы і жыццёвы щлях Мсціслава Дабужынскага (1875–1957) цесна звязаны з вядомымі дзеячамі культуры – Маркам Шагалам, Львом Бакстам, Сяргеем Дзягілевым. Мастак браў удзел у арганізацыі Віцебскага мастацкага вучылішча, быў першым яго дырэктарам. У 1925 г. атрымаў літоўскае грамадзянства, стала жыў у Каўнасе, уключыўся ў культурнае жыццё краю: арганізоўваў персанальныя выставы, удзельнічаў у выставах літоўскага мастацтва. Яго далейшая біяграфія звязана з Заходняй Еўропай і ЗША.

Важнае месца ў творчасці М. Дабужынскага займае сцэнаграфія. Ён аўтар эскізаў касцюмаў і дэкарацый 38 пастановак Дзяржаўнага літоўскага тэатра. На выстаўцы максімальна поўна будуць прадстаўлены арыгіналы твораў мастака з калекцыі Літоўскага музея тэатра, музыкі і кіно – самай буйной у Літве. У 2009 г. дадзены збор быў прызнаны дакументальнай спадчынай сусветнага значэння, уключаны ў літоўскі нацыянальны рэгістр праграмы ЮНЭСКА “Сусветная спадчына”.

У экспазіцыі выставы можна будзе ўбачыць эскізы да “Пікавай дамы” П.Чайкоўскага, “Барыса Гадунова” М.Мусаргаскага, “Гамлета” Ю.Груодзіса, “Князя Ігара” А.Барадзіна. Адзін з найлепшых прыкладаў творчасці – сцэнаграфія да оперы «Радвіла Пяркунас» Юргіса Карнавічуса (1937), у якой мастак перанёс на сцэну архітэктурныя матывы Вільні і паказаў разнастайнасць старадаўніх строяў Літвы.

Важнай падзеяй у межах выставачнага праекта станецца прадстаўленне спадчыны М. Дабужынскага з прыватных калекцый, якія захоўваюцца ў Беларусі. Многія з гэтых твораў экспануюцца ўпершыню.

Праект рэалізуецца з дапамогай Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

 

Наведаць выстаўку можна да 30 ліпеня 2018 года.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *