Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і музей Янкі Купалы загукалі вясну ў Вязынцы

Аздобілі свята веснавыя песні і карагоды, гульні для моладзі і дзяцей, традыцыйная музыка і танцы, кірмаш.

Загукалі вясну ў гэтым годзе спеўныя гурты «Guda», «Варган» (г. Полацк), «Горынь», «Dainava», «Мярэжа», «Рутвіца», дзіцячыя калектывы «Калыханка» (а/г Міханавічы) і «Сонейка» (г. Лагойск), а таксама музыкі А. Крукоўскі, Д. Сухі, Д. Зуева, В. Янчы, С. Чавус, Я. Барышнікаў, В. Фёдарава, Р. Яраш, А. Яскевіч, С. Чубрык, К. Радзівілава і клуб традыцыйнага танца “SITA”. Сямейная студыя Н. Сухой падчас свята зладзіла перформанс са свісцёлкамі, а пасля правяла майстар-клас. Акрамя гэтага, прайшоў майстар-клас па вілейскіх танцах ад спадарыні Зінаіды Губаравай-Крупскай (г. Вілейка).

Наведвальнікі змаглі пашукаць з арніталагічнай трубой і біноклямі птушак у Вязынцы, паўдзельнічаць у вырабе папяровых птушак і ўпрыгожыць імі дрэвы, сфатаграфавацца ў адмыслова падрыхтаванай фотазоне.