25 кастрычніка прайшоў літаратурны вечар прысвечаны 90-годдзю народнага пісьменніка Кыргызстана, дыпламата Чынгіза Айтматава.

Яшчэ пры жыцці Айтматаў, які пісаў на рускай і кыргызскай мовах, стаў класіком сусветнай літаратуры. Рэалістычная проза пісьменніка прасякнута ідэямі гуманізма і вялікай любоўю да ўсяго жывога, і ставіць актуальныя пытанні экалогіі планеты і душы чалавека.

Творы Чынгіза Айтматава перакладзены на 150 моў свету. На беларускай мове да юбілея пісьменніка выйшла другое выданне рамана          “І вякуе дзень даўжэй за век” у перакладзе Міхася Стральцова. Маналог Едыгея з рамана прагучыць падчас вечарыны ў выкананні акцёра Нацыянальнага драматычнага тэатра імя М.Горкага Валерыя Шушкевіча.

У адным з інтэрв’ю Чынгіз Айтматаў сказаў, што любіць слухаць велічную музыку Баха, а яшчэ песню, якая ў выкананні Марка Бернеса ўвайшла ў сэрцы многіх людзей ва ўсім свеце, – “Жураўлі” на словы сябра Расула Гамзатава. Літаратурны вечар упрыгожыць канцэртная праграма выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

У творах Чынгіз Айтматаў выказваў сваё меркаванне і пра сённяшні дзень, і пра будучыню, гаворачы пра высокія духоўныя каштоўнасці як аснову сутнасці чалавека. Пра веліч творчага таленту пісьменніка распавядзе старшы выкладчык кафедры рускай літаратуры БДУ Аляксандр Гарбачоў.

За ўклад у развіццё культуры цюркамоўных краін урад Турцыі не толькі надаў Чынгізу Айтматаву вышэйшую ўзнагароду, але і наменаваў пісьменніка на Нобелеўскую прэмію.

Вечарына адбудзецца пры падтрымцы Пасольства Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь у рамках экспанавання выстаўкі “Шляхі мовы і літаратуры”, на якой прадстаўлена творчасць Янкі Купалы, Яна Райніса, Аляксандра Пушкіна, Ёнаса Майроніса, Крысціёнаса Данелайціса, Адама Міцкевіча – лепшых творцаў сваіх народаў. Для кыргызаў – гэта Чынгіз Айтматаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *