Ноч музеяў 2019

У рамках Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў 2019” Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы адзначыў свята “М75” з нагоды свайго 75-гадовага юбілею !

З чаго скаладаецца сапраўдны дзень нараджэння? Адказ просты: верныя сябры, добрая музыка, смачны торт, прыгожыя паштоўкі ды вялікая колькасць паветраных шароў!

Ствараць святочны настрой будуць і спецыяльна запрошаныя госці, якія выступяць на ганку музея:

20.00 – 21.00 – Аляксандр Віслаўскі з праграмай “Тутэйшы”;

21.00 – 22.00 – гурт “Стары Ольса”;

22.00 – 23.00 – гурт “Палац”.

Апоўначы – смачны пачастунак ад музея для ўсіх гасцей свята!

Кожны 75 наведвальнік атрымае падарунак ад музея-імянінніка і знойдзе сваю, адну з 75 прычын, любіць музей Янкі Купалы!

Кожны жадаючы атрымае паштоўку-лінагравюру з выявай будынка музея 1960 года, якую створаць на вашых вачах навучэнцы Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава.

75-гадовая гісторыя музея паўстане са старых плакатаў і фотаздымкаў на алеях парка імя Янкі Купалы, дзе будзе працаваць hand-made кірмаш ад Remesla BY.

Толькі ў гэту ноч фонды музея адкрыюць свае скарбы і прадставяць 75 унікальных прадметаў з цікавай гісторыяй!

Станьце членам каманды аднаго са старэйшых літаратурных музеяў Беларусі і даведайцеся, чым займаюцца людзі, якія называюць сябе музейнымі супрацоўнікамі!

Упершыню экспазіцыя музея будзе працаваць да світання! Калі вы напоўнены энергіяй пасля паўночы – станьце ўдзельнікам квэсту “Купалаў код”! Калі адчуеце стому – паглядзіце фільм у беларускай агучцы ад Gavarun.by ва ўтульнай атмасферы Купалавага дома.

Паветраныя шары з хэштэгам #люблюМузей ўпрыгожаць інтэрактыўныя пляцоўкі і фотазоны і, спадзяемся, з’явяцца ў акаўнтах новых сяброў музея!

Толькі 1 раз у год, толькі 1 ноч, толькі 1 манета – 2 рублі!

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *