7 лютага 2019 года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў рамках XXVI Мінскай Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу адбыліся 2 прэзентацыі

У 16.00 у музеі сабраліся купалазнаўцы, даследчыкі, аматары творчасці Янкі Купалы на прэзентацыі энцыклапедыі “Янка Купала” у 3 тамах, выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

Трэці том энцыклапедыі, як і два папярэднія, – плён сумеснай працы выдавецтва, музея і навукоўцаў. Распачаў вечарыну акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай дрматургіі Максім Шышко вершам Янкі Купалы “Песняру-беларусу”, пасля якога слова ўзяў дырэктар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Андрыевіч Уладзімір Уладзіміравіч. Падчас прэзентацыі выступілі аўтары артыкулаў: доктар філалагічных навук, прафесар БДУ, ганаровы старшыня Міжнароднага фонда Янкі Купалы Вячаслаў Пятровіч Рагойша, мастацтвазнаўца Галія Ахметаўна Фатыхава, дацэнт кафедры замежнай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Алена Аляксандраўна Барысеева, а таксама ганаровыя госці мерапрыемства, перакладчыкі твораў Янкі Купалы – Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь у 2008-2013 гадах Мар’ян Серватка, народны паэт Чувашыі Валерый Тургай, які перадаў у фонды музея кнігу перакладаў твораў беларускіх паэтаў, у тым ліку і Янкі Купалы.

Напрыканцы верш Янкі Купалы “А хто там ідзе” у перакладзе Міхаіла Ханінава на калмыцкую мову прачытала яго дачка – Рыма Міхайлаўна Ханінава, якая прыехала на міжнародны кніжны кірмаш і на адкрыццё мемарыяльнай дошкі бацьку ў г. Беразіно 8 лютага 2019 года.

Купалазнаўцы адзначылі, што персанальная энцыклапедыя «Янка Купала» у трох тамах – гэта знакавая падзея не толькі ў беларускім, але і сусветным літаратуразнаўстве.

 

У 17.00 пачалася прэзентацыя кнігі Ўолта Ўітмэна “Лісце травы” ў перакладзе Янкі Сіпакова, выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Прэзентацыя адбылася падчас літаратурнага вечара “Янка Купала і Ўолт Ўітмэн. Песня пра вольны шлях”.

Ўолт Ўітмэн – адзін з самых перакладаных на беларускую мову амерыканскіх пісьменнікаў. Ганаровы госць мерапрыемства –  Павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі спадарыня Джэніфер Мур выступіла з прывітальным словам і прачытала на мове арыгінала верш Ўолта Ўітмэна “Я чую, спявае Амерыка”. У перакладзе Янкі Сіпакова творы амерыканскага паэта чытаў акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Максім Шышко, прагучалі вершы і ў аўтарскім перакладзе Юліі Цімафеевай. Падчас мерапрымства выступілі кандыдат філалагічных навук, перакладчык Ганна Янкута і старшыня Камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Аляксандравіч Марзалюк.

         Напачатку вечара госці праслухалі кампазіцыю рок-спевака Іггі Попа з музычнага альбома 2017 года на словы Ўолта Ўітмэна, а напрыканцы прагучала калыханка Клары з оперы амерыканскага кампазітара Джорджа Гершвіна “Поргі і Бес” у выкананні  студэнткі 3 курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Самары Хассун, партыя фартэпіяна – Наталля Сазановіч.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *