Урачыстае закрыццё 135-га, юбілейнага года з дня нараджэння Я. Купалы

На працягу года было рэалізавана мноства ідэй, праектаў, акцый, якія сталі данінай павагі аднаму з лепшых паэтаў Беларусі. Музей сабраў сяброў і партнёраў, каб сказаць  цёплыя словы падзякі ўсім, хто далучыўся да справы ўшанавання Янкі Купалы.

Распачаў урачыстасць вершам Янкі Купалы “Мужык” народны артыст Савецкага Саюза і Беларусі Генадзь Сцяпанавіч Аўсяннікаў.

Словы ўдзячнасці прагучалі і ў адрас Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за падтрымку ініцыятыў і дзейнасці музея. Начальнік ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Задзяркоўская ўручыла ганаровыя граматы супрацоўнікам музея.

Былі падведзены і вынікі Міжнароднага праекта “Янка Купала ў дыялогу культур”. Геаграфія супрацоўніцтва музея шырокая, у 2017 годзе выстаўкі з фондаў музея ўбачылі ў Польшчы, Расіі, Літве, Латвіі, Украіне, Грузіі, Францыі. За ўнёсак у станаўленне міжнародных культурных сувязяў музей атрымаў Ганаровую грамату ад Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь

Словы ўдзячнасці прагучалі і ў адрас “Саюза пісьменнікаў Беларусі”, пасля чаго да мікрафона запрасілі першага намесніка старшыні грамадскага аб’яднання “Саюза пісьменнікаў Беларусі” Алену Анатольеўну Стэльмах.

З замежных гасцей на свята прыехалі сябры з Грузіі, з г. Цхалтуба, дзе з 1937 па 1940 год адпачываў Янка Купала: старшыня камісіі па ахове здароўя і сацыяльных пытаннях Цхалтубскага Муніцыпалітэта Лаша Какрыашвілі і дырэктар Цэнтра развіцця турызму Цхалтубскага Муніцыпалітэта Саламэ Кутатэладзе.

Сапраўдным падарункам вечара стала песня “Спадчына” у выкананні студэнткі 3 курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ірыны Скварко.

Прыемна ўразіў гасцей і вучань 4 класа школы № 19 г. Брэста Міхаіл Татарчук, які бліскуча прачытаў верш “Ворагам Беларушчыны”.

Песню “Ты прыйдзі” выканаў дыпламант Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Славянскі базар у Віцебску”, лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні і паэзіі ў Маладзечна Яўген Доліч.

Вечар быў адзначаны і шчодрым падарункам – ад КУП “Мінскхлебпрам” музей атрымаў спонсарскія сродкі на ўсталяванне мемарыяльнай дошкі Янку Купалу ў сталіцы Славакіі Браціславе. Ад сябе асабіста намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства “Мінскхлебпрам” Святлана Анатольеўна Касоўская падаравала музею 50 кубачкаў з аўтографам паэта. Напрыканцы госці частаваліся з іх гарбатай, а таксама пакаштавалі торт, які быў зроблены лепшымі кандытарамі прадпрыемства.

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Раманаўна Ляшковіч падвяла вынікі своеасаблівай творчай справаздачы, падзякавала ўсім і ўручыла дыпломы “Сябра музея”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *