4 кастрычніка па 2 лістапада 2017 года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы працуе выставачны праект-мемарыял “Страчаныя абліччы”, прысвечаны беларускім літаратарам, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 1920–1950-я гады.

У аснове праекта – арыгінальныя матэрыялы, звязаныя з асобай Янкі Купалы. Ён асабіста і яго сям’я зазналі цяжкія выпрабаванні ў гэты час. У канцы 1920-х гадоў былі раскулачаныя яго маці і сёстры, многія творы паэта забараняліся цэнзурай, а за некаторыя даводзілася трымаць адказ перад АДПУ (Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне, пазней НКУС). Пад уплывам ціску і допытаў з боку карных органаў Янка Купала восенню 1930 года робіць нават спробу самагубства.

Выстава прымеркавана да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і 130-годдзя з дня нараджэння яго сябра, паэта Цішкі Гартнага, лёс якога быў трагічна абарваны ў 1937 годзе. Адметна, што праект-мемарыял прыпадае на 80-годдзе таго страшнага года – піку сталінскіх рэпрэсій.

Праект “Страчаныя абліччы” вяртае з забыцця імёны, якія доўгі час былі выкрэсленыя з гісторыі беларускай літаратуры і культуры. Прадстаўляе рарытэты, звязаныя з дзясяткамі сяброў і знаёмых Янкі Купалы, сярод якіх Уладзімір Дубоўка, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Адам Бабарэка, Тодар Кляшторны, Юлі Таўбін, Платон Галавач, Уладзімір Жылка, Васіль Каваль, Мікалай Нікановіч, Валерый Маракоў, Алесь Звонак, Фларыян Ждановіч, Уладзіслаў Галубок і іншыя.

Турэмныя фотаздымкі, ліставанне з блізкімі, асабістыя рэчы дапамогуць адчуць атмастферу таго страшнага часу. Упершыню ў Беларусі будуць прадстаўлены новыя дакументы з асабістага архіва Алеся Дудара. Наведвальнікі выставы змогуць убачыць знаходкі з Курапатаў – месца гібелі ахвяр палітычных рэпрэсій пад Мінскам.

Барыс Сачанка, даследчык жыцця і творчасці Янкі Купалы, які шмат зрабіў для вяртання з забыцця імён рэпрэсаваных беларускіх паэтаў, пісаў: “Для нас, беларусаў, сталіншчына куды страшнейшая, чым для некаторых іншых народаў. У нас жа рэпрэсіраваны былі не толькі людзі, але і мова наша, наша гісторыя і культура,… у значнай меры дзяржаўнасць…”.

Праект рэалізуецца Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь.

Наведаць выставу можна да 2 лістапада 2017 года.

Для арганізаваных груп пры папярэднім запісе будуць праведзены экскурсіі па выставе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *