“З адною думкаю аб шчасці Беларусі…”

7 ліпеня Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы адсвяткаваў Дзень нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы!

Распачне свята ў 11.00 цырымонія ўскладання кветак да помніка Песняру ў парку імя Янкі Купалы, які месціцца ў самым сэрцы сталіцы Беларусі.

У 47 раз на малой радзіме Янкі Купалы на гасціннай Маладзечанскай зямлі ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Вязынка” адбудзецца Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…” (пачатак а 13 гадзіне).

Заснаваны ў 1948 годзе філіял музея “Вязынка” – незвычайна прыгожае месца з сапраўдным нацыянальным каларытам. Вершы-прысвячэнні Янку Купалу і Вязынцы прагучаць з вуснаў беларускіх літаратараў, якія традыцыйна возьмуць удзел ў свяце.

Спецыяльны госць – экс-саліст ансамбля “Песняры” Аляксандр Віслаўскі выступіць з праграмай “Тутэйшы” на словы Янкі Купалы.

Запрашаем усіх акунуцца ў атмасферу свята паэзіі, песні і народных рамёстваў: адчуць мілагучнасць роднай мовы і атрымаць асалоду ад традыцыйных беларускіх песень у выкананні фальклорнага-этнаграфічнага калектыва «Маркаўчанка» (Маладзечна), наведаць кірмаш майстроў народных рамёстваў, прадэгуставаць стравы традыцыйнай беларускай кухні і прыняць удзел у майстар-класе па пляценні купальскіх вянкоў.

Свята ў Вязынцы стане выдатным днём для сямейнага адпачынку, а 10-метровая фотазона прадставіць магчымасць зафіксаваць яго не толькі ў памяці.

 

14 ліпеня а 10-й гадзіне запрашаем далучыцца да правядзення традыцыйнага мерапрыемства – Купалаў фэст, які адбудзецца ў парафіі Святой Тройцы ў Радашковічах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *