Запрашаем на выстаўку «Мастацтва каліграфіі» 23 студзеня 2020 года!

23 студзеня 2020 года а 17‑й гадзіне Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае на адкрыццё персанальнай выстаўкі Лі Цзо “Мастацтва каліграфіі”.

Літаратурны музей першага народнага паэта Беларусі прадстаўляе сваім гасцям узоры традыцыйнай кітайскай каліграфіі – мастацтва, якое мае гісторыю ў некалькі тысяч гадоў. Гэта сапраўдная філасофія, сродак спасціжэння навакольнага свету і адбітак душы майстра. У Кітаі каліграфія карыстаецца вялікай павагай, нездарма папера, пендзаль, туш і тушніца – “Чатыры каштоўнасці”, якія вызначаюць адукаванага і культурнага чалавека. Для ўсяго свету каліграфія – адметнасць адной з самых старажытных і багатых культурных традыцый Азіі, якая мае жывы працяг у нашы дні. Выстаўка прадстаўляе работы Лі Цзо – нашага сучасніка, які пераняў слаўную спадчыну сваіх папярэднікаў.

Атрымаўшы адукацыю ў Пекінскім педагагічным універсітэце, спадар Лі Цзо быў выкладчыкам рускай мовы ў Пекінскім універсітэце шляхоў зносін. У 2010–2015 гадах ён выкладаў кітайскую мову студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Каліграфія і паэзія сталі яго захапленнем яшчэ ў дзяцінстве. Работы майстра атрымалі прызнанне на радзіме – ён двойчы ганараваны залатой і 5 разоў сярэбранай узнагародай. Лі Цзо вядомы і як перакладчык старажытнай кітайскай паэзіі: у яго перакладах на рускую мову выдаваліся шэдэўры Лі Бая, творы паэтаў дынастый Тан, Сун і Юань.

Каліграфія Лі Цзо 5 разоў экспанавалася ў нашай краіне, 8 работ захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. У 2019 г. мастак стаў удзельнікам Міжнароднай юбілейнай выстаўкі ў Сучасным музеі каліграфіі (Масква), прысвечанай 70‑годдзю расійска-кітайскіх дыпламатычных адносін.

У каліграфічных надпісах, прадстаўленых на выстаўцы ў Купалавым доме, вершы самога мастака.

25 студзеня 2020 года а 16 гадзіне спадар Лі Цзо запрашае ўсіх, хто жадае глыбей зразумець культуру Кітая, завітаць на майстар-клас каліграфіі, які пройдзе ў музеі.

Выстаўку можна наведаць да 8 лютага 2020 г.

Кошт квітка: школьнікі, навучэнцы, студэнты — 1 руб. 50 кап, дарослыя — 3 руб.

Чакаем ВАС!

Даведкі па тэл. (017)327-73-54

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *