27 чэрвеня адбылася ўрачыстая прэзентацыя зборніка выбраных вершаў Янкі Купалы “А хто там ідзе?” на славацкай мове

У рамках праграмы традыцыйных Купалаўскіх дзён Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы прэзентаваў зборнік выбраных вершаў Янкі Купалы “А хто там ідзе?” на славацкай мове. Урачыстае прадстаўленне першага асобнага славацкага выдання твораў беларускага Песняра адбылося 27 чэрвеня 2017 г. а 17-й гадзіне.

Выданне – плён натхнёнай працы паэтаў-перакладчыкаў Марыяна Серваткі, Яраслава Рэзніка і Сяргея Макара. Дзякуючы іх таленту па-славацку загучала Купалава слова. Вершы “Родныя песні”, “Яшчэ прыйдзе вясна”, “З кутка жаданняў”, “Спадчына”, “Мая малітва” і іншыя выдатныя ўзоры лірыкі прарока беларускага адраджэння сталі даступныя славацкаму чытачу, адкрываюць яму шлях у сусвет беларускай паэзіі. Пачынае зборнік знакаміты верш-гімн “А хто там ідзе?” – сімвал жадання і права беларусаў сцвердзіць сябе ў свеце.

Кніга беларускага песняра на славацкай мове стала важным крокам на шляху развіцця і мацавання беларуска-славацкага культурнага дыялогу. Спадар Марыян Серватка, які ў 2008–2013 гадах як Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол прадстаўляў у Беларусі сваю Бацькаўшчыну, неаднаразова падкрэсліваў важнасць і неабходнасць гэтага працэсу, які дазволіць народам бліжэй пазнаць адзін аднаго, стане трывалым падмуркам добрасуседскіх адносін паміж Беларуссю і Славакіяй: “Нам хацелася, каб нас лепш ведалі, каб пра нас пісалі, каб мы зблізілі народы, якія маюць падобную складаную гісторыю і насуперак геаграфічнай аддаленасці маюць вельмі блізкія мовы з сотнямі аднолькавых слоў і назваў”. Пры дзейснай падтрымцы і непасрэдным удзеле спадара Серваткі быў ажыццёўлены шэраг беларуска-славацкіх культурных праектаў, ініцыяваных Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы і Саюзам славацкіх пісьменнікаў, Дзяржаўнай навуковай бібліятэкай ў Банскай Быстрыцы.

Купалава кніга на славацкай зямлі – каштоўны здабытак гэтага супрацоўніцтва, падарунак усім прыхільнікам беларускай паэзіі у год 135-гадовага юбілею Янкі Купалы. Выданне ажыццёўлена дзякуючы Саюзу славацкіх пісьменнікаў. У яго ўрачыстай прэзентацыі прымаў ўдзел Пасол Марыян Серватка.