Архіў падзей

20.01.2015
Прэзентацыя каталога афіш да спектакля “Паўлінка” 

Янка Купала стаяў ля вытокаў нацыянальнай драматургіі, стварэння і развіцця беларускага тэатра. Трыумфам беларускага тэатральнага мастацтва стала знакамітая камедыя Янкі Купалы “Паўлінка”, з моманту напісання якой (1912) прамінула больш 100 гадоў! Большасць матэрыялаў, якія звязаны з гісторыяй напісання п’есы і стварэннем спектакля, захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Каталог афіш да спектакля “Паўлінка” Янкі Купалы – унікальнае выданне для гісторыі тэатральнага мастацтва, для кожнага тэатра, які ставіў п’есу Песняра.

19.02.2015
Музейны праект “У дыялогу культур”

Традыцыйны музейны праект “У дыялогу культур”, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, які быў абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года з мэтай садзейнічання захаванню моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўя, і адзначаецца 21 лютага.

Янка Купала як нацыянальны класік далучыў беларускую культуру да сусветнай, дзякуючы яго творчасці беларускую літаратуру ведаюць у многіх краінах свету. Акцыя “У дыялогу культур” стала ў музеі Песняра традыцыйнай і адбываецца з удзелам прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага ў Рэспубліцы Беларусь.

19.03.2015
Прэзентацыя шрыфта “Рiasniar” (лічбавая копія почырка Янкі Купалы)

Да 110-годдзя творчай дзейнасці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы створаны шрыфт “Рiasniar” – лічбавая копія яго почырка.Падставай для стварэння шрыфту паслужылі аўтографы Янкі Купалы, большая частка якіх увайшла ў рукапісны варыянт трэцяга зборніка вершаў “Шляхам жыцця”, які захоўваецца ў фондах музея.

Стварэнне шрыфту – унікальная падзея ў гісторыі беларускай сучаснай культуры. Спадзяемся, што шрыфт натхніць людзей прыўнесці ў сваё жыццё частку беларускага нацыянальнага каларыту і з гонарам пісаць аб сваёй любові да Бацькаўшчыны і да беларускай мовы почыркам Янкі Купалы!

Спампаваць шрыфт можна на сайце piasniar.by.

17.04.2015
Адкрыццё выстаўкі жаночага партрэта мастака Аксаны Аракчэевай  
“Купалінкі”

 На выстаўцы прадстаўлены партрэты тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння музея: першы дырэктар Уладзіслава Луцэвіч, пляменніца паэта Ядзвіга Раманоўская, якая доўгія гады была галоўным захавальнікам фондаў, унучатая пляменніца Янкі Купалы Жанна  Дапкюнас, якая працягвала справу У.Ф.Луцэвіч, а таксама партрэты тых, хто з’яўляецца добрым пераймальнікам традыцый: супрацоўніцы музея Песняра, таму выстаўка і атрымала назву “Купалінкі”.

24-27.04.2015
Конкурс творчых работ “Купаляняты”

Да 70-годдзя Вялікай Перамогі і да Года моладзі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы пры падтрымцы Камітэта адукацыі г. Мінска правёў фінал гарадскога конкурсу творчых работ “Купаляняты”.

Пераможцы былі вызначаны ў двух намінацыях:

“Лепшы чытальнік вершаў” – па творах Янкі Купалы і іншых беларускіх паэтаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны (для вучняў 5-11 класаў)

“Лепшы казачнік” (для вучняў 1-4 класаў) на лепшае напісанне і прэзентацыю казкі.

У журы конкурсу былі запрошаны акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі.

15.04.2015
Адкрыццё выставы «Я буду жыць!»

Да 110-годдзя напісання верша «Мужык». Выданне адбылося 15 мая 1905 года ў Мінску ў газеце «Северо-Западный край». Менавіта з гэтай даты пачынаецца адлік творчай дзейнасці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Рукапіс верша «Мужык» і яго першая публікацыя беражліва захоўваюцца ў Музеі Песняра.

16.05.2015
“Вакол свету за адну ноч” у рамках Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”

Акцыя дала магчымасць пазнаёміцца з песеннай і танцавальнай культурай 15 краін, з якімі звязана імя народнага паэта Беларусі Янкі Купалы: Расія, Украіна, Літва, Славакія, Чэхія, Грузія, Арменія, Кітай, ЗША, Ізраіль, Бразілія, Індыя, Татарстан, Польшча і, вядома, Беларусь!

25.05.2015
Адкрыццё выстаўкі “Завуся я толькі Янка Купала…” (г. Талін, Эстонія)

Выстаўка адкрыта пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Эстонскай Рэспубліцы у Дзень беларускай культуры ў рамках Дзён славянскага пісьменства і культуры ў Рускім культурным цэнтры г. Талін (Эстонія).

Выстаўка “Завуся я толькі Янка Купала”, прымеркаваная да 110-годдзя з пачатку творчай дзейнасці Янкі Купалы (1882–1942), знаёміць з жыццёвым і творчым шляхам першага народнага паэта Беларусі і дае ўнікальную магчымасць эстонскаму гледачу больш даведацца пра класіка беларускай літаратуры і ўбачыць ілюстрацыі да кніг Янкі Купалы, што ўвайшлі ў залаты фонд беларускай кніжнай графікі ХХ – пачатку ХХI стагоддзя.

19.06.2015
Адкрыццё выстаўкі “Аспазія/Райніс: мяцежніца/гуманіст. Гісторыя двух латышскіх паэтаў

Выстаўка прымеркавана да 150-годдзя Яна Райніса і Аспазіі, класікаў латышскай літаратуры, паяднаных талентам, шчырай адданасцю роднай зямлі і сумесным жыццёвым лёсам.

Выстаўка створана ў рамках праграмы публічнай дыпламатыі і культуры старшыньства Латвіі ў Савеце Еўрапейскага Саюза. З 20 па 24 красавіка 2015 года выстаўка была экспанавана ў Salle des Pas Perdus – у галоўным будынку UNESCO ў Парыжы. Арганізатары і партнёры выставачнага праекта – Аб’яднанне мемарыяльных музеяў Латвіі, Пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Сакратарыят старшыньства Латвіі ў Савеце Еўрапейскага Саюза, Латвійская Нацыянальная камісія UNESCO, Музей літаратуры і музыкі (Рыга).

Прарокаў беларускага і латышскага нацыянальнага адраджэння зблізіла непахісная вера ў будучыню сваіх народаў.

21-28.06.2015
Міжнародны культурна-адукацыйны праект “Славацкімі шляхамі Янкі Купалы”

Праект быў ажыццёўлены да 80-годдзя візіту ў Славакію першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў складзе афіцыйнай дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў і журналістаў 15-19 кастрычніка 1935 года. Праз восемдзесят гадоў шляхам паэта па гарадах Браціслава, Святы Юр, Модра, Пешцяны, Марцін, Высокія Татры праехала дэлегацыя беларускіх пісьменнікаў і журналістаў.

05.07.2015
Свята паэзіі, песні і традыцыйных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі”

Свята ладзіцца на тэрыторыі Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка “Вязынка” (Мінская вобласць, Маладзечанскі раён) сумесна з Маладзечанскім райвыканкамам і Саюзам пісьменнікаў Беларусі.

Вязынка – калыска паэта: тут, у адным з найпрыгажэйшых куткоў Міншчыны, нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч. З 1972 года кожнае лета ў пачатку ліпеня Вязынка збірае сяброў, каб адсвяткаваць дзень нараджэння Янкі Купалы. З усяго свету прыязджаюць госці на радзіму беларускага паэта.

06.07.2015
“Святкуем Купалле разам з Купалам”

Свята прымеркавана да дня нараджэння Янкі Купалы і праводзіцца на базе Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Перад праглядам спектакля “Адвечная песня” паводле драматычнай паэмы Янкі Купалы гледачы прынялі ўдзел у акцыі “Чытаем Купалу разам” і ў майстар-класе па купальскіх песнях і танцах ад фальклорна-этнаграфічнага калектыва “GUDA”.

07.07.2015
Паэтычны мітынг “Палымянае слова паэта”

Штогод у Дзень нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў парку яго імя адбываецца паэтычны мітынг “Палымянае слова паэта” і цырымонія ўскладання кветак да помніка Песняру.

09.10.2015
Падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы і Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміяй “Беларусы Расіі”

У Расіі і сёння захоўваецца ўдзячная памяць пра беларускага песняра Янку Купалу. Яго творы перакладаюцца на рускую мову, яму прысвячаюць вершы. У 2006 годзе на Кутузаўскім праспекце ў Маскве быў урачыста адкрыты помнік першаму народнаму паэту Беларусі працы беларускіх скульптараў Льва і Сяргея Гумілеўскіх.

У Рэспубліцы Татарстан, у пасёлку Пячышчы, з 1975 года прымае наведвальнікаў кватэра-музей паэта. Вялікі ўклад ва ўвекавечванні памяці Янкі Купалы належыць беларускай дыяспары за мяжой.

Пагадненне аб супрацоўніцтве было падпісана дырэктарам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Аленай Раманаўнай Ляшковіч і Старшынёй Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Беларусаў Расіі Сяргеем Львовічам Кандыбовічам.

24.10.2015
“Пасвячэнне ў гімназісты”

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ўвесь час працуе над пашырэннем праграмы ўзаемадзеяння музея і школы. Напачатку 2015-2016 навучальнага года была падпісана дамова аб супрацоўніцтве паміж Гімназіяй  № 37 г. Мінска і музеем Песняра, у рамках якой адбылося “Пасвячэнне ў гімназісты” вучняў 5 класаў.

Падчас урачыстаці для дзяцей, бацькоў і настаўнікаў была арганізавана інтэрактыўная праграма з пошукам музейных экспанатаў, віктарынамі, загадкамі, майстар-класамі, падарункамі і сюрпрызамі. Кульмінацыяй імпрэзы стане ўручэнне канфедэратак і складанне клятвы гімназіста.

23.11.2015
Падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве з Тракайскім гістарычным музеем

23 лістапада Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з Тракайскім гістарычным музеем. У лютым 2016 года ў Мінску адбыўся ўнікальны міжнародны выставачны праект «Узнагароды», дзе прадставілі калекцыю ордэнаў і медалёў з 35 краін свету. Сярод гэтых узнагарод быў ордэн Леніна і медаль «За абарону Масквы» Янкі Купалы.

15.12.2015
Адкрыццё новай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка “Ляўкі” (Віцебская вобласць, Аршанскі раён)

У новай экспазіцыі часткова адноўлены інтэр’ер пакоя былой сядзібы Копыскага лясніцтва, у якім жыў Янка Купала і, натхнёны падзеямі і сустрэчамі ў Ляўках, стварыў васемнаццаць вершаў “ляўкоўскага цыкла”. Атмасферу Ляўкоў часоў Янкі Купалы перадаюць аудыязапісы голасу Песняра, музычныя творы на яго словы, народная музыка, спевы птушак.

16.12.2015
Праект “Закуліссе”

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі перад праглядам спектакля “АДВЕЧНАЯ ПЕСНЯ”, паводле драматычнай паэмы Янкі Купалы, музей прапанаваў гледачам праверыць сваю эрудыцыю і паспрабаваць адказаць на пытанні віктарыны “Цікавыя факты жыцця і творчасці Песняра”, і атрымаць каштоўныя падарункі ад музея Янкі Купалы і Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Па заканчэнні спектакля ў кожнага была ўнікальная магчымасць прыняць удзел у праекце ”ЗАКУЛІССЕ”: пагутарыць з акцёрамі тэатра і задаць ім свае пытанні.

29.12.2015
Адкрыццё памятнага знака Янку Купалу ў г. Ашдод (Ізраіль)

Напрыканцы 2015 года адбылася значная культурная падзея ў гісторыі ўшанавання памяці Янкі Купалы – урачыстае адкрыццё памятнага знака Янку Купалу ў г. Ашдод (Ізраіль). Гэта другі помнік Песняру ў далёкім замежжы (у 1973 годзе быў адкрыты помнік Янку Купалу ў Ароў — парку ў ў штаце Нью-Ёрк у Злучаных штатах Амерыкі). У Доме культуры г. Ашдод была адкрыта выстаўка з фондаў музея “Сад вашых песень” і праведзена грамадска-культурная акцыя “Чытаем Купалу разам”.

21-30.12.2015
“Калядкі ў Купалавым доме”. 21-30 снежня 2015 года

Для маленькіх сяброў музея была падрыхтавана цікавая святочная праграма, падчас якой дзеці даведаліся: як адзначалі Каляды ў Беларусі на працягу апошніх 100 гадоў, павадзілі карагоды з калядоўшчыкамі і Казой, паспявалі ды патанчылі, прынялі ўдзел у актыўных гульнях, паглядзелі лялечны спектакль “У пошуках Снягуркі”, атрымалі падарунак ад Снягурачкі. Правядзенне Калядак у Купалавым доме, у тым ліку і дабрачынных, – добрая традыцыя музея.