24 лістапада ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстава “На мой кліч вечавы…”

afisha2

Гэта сумесны праект Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

На выставе радстаўлены мастацкія творы жывапісцаў і графікаў, асабістыя рэчы паэта, цудам захаваныя рарытэты з разбуранага Купалавага дома, газеты, лістоўкі, плакаты, у тым ліку нумары газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, у якіх у гады вайны друкаваліся вершы Янкі Купалы. 

Сярод прадстаўленых работ творы выбітных майстроў беларускага выяўленчага мастацтва І. Ахрэмчыка, Г. Бржазоўскага, М. Савіцкага, І. Давідовіча, С. Геруса, І. Раманоўскага, Л. Лейтмана і іншых. А партрэт Янкі Купалы работы мастака А. Хасімава – удзячны ўспамін жыхароў Татарстана пра месяцы, якія паэт правёў у эвакуацыі ў пасёлку Пячышчы.

Асаблівае месца на выставе займаюць унікальныя меморыі: асабістыя рэчы Янкі Купалы – спадарожнікі яго ваенных шляхоў, а таксама знаходкі з папялішча дома паэта, разбуранага на трэці дзень вайны. Упершыню прадстаўлены асабістыя рэчы Яніны Раманоўскай (1918–1956), пляменніцы паэта, урача, якая служыла на фронце. Як прызнавалася сама Яніна Раманоўская, яе выхаваннем займаўся Янка Купала, які фактычна замяніў ёй бацьку.

На выставе таксама можна ўбачыць прадметы з розных калекцый Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якія звязаныя з імем Янкі Купалы (газеты, лістоўкі, плакаты, памятныя медалі і інш.).

Выстава будзе працаваць да 2 студзеня 2017 г.