Літаратурна-музычны вечар з нагоды Дня нараджэння Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі

5 сакавіка ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбыўся літаратурна-музычны вечар з нагоды Дня нараджэння Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі.

Жыццё Вялікага Кабзара поўнае гераічнага трывання: ён пражыў усяго 47 гадоў, дзве чвэрці з якіх у рабстве, дзесяць – у казематах і высылцы, дзе яму было забаронена нават пісаць і маляваць. Спадчына вольных гадоў прынесла яму славу, што з кожным годам шырыцца і па-за межамі  роднай Украіны.

Украінская літаратура мела вялікі ўплыў на фарміраванне творчай асобы Янкі Купалы. Народны паэт Беларусі не аднойчы звяртаўся да творчай спадчыны Шаўчэнкі. Менавіта асоба Шаўчэнкі натхніла Янку Купалу на стварэнне яго апошняй паэмы “Тарасова доля” у 1939 годзе.

На беларускай мове словы Кабзара гучаць так магутна, як і на ўкраінскай, іх разумее чулае сэрца беларуса так, як і гарачае сэрца ўкраінца.

Падчас вечарыны творы Тараса Шаўчэнкі ў купалаўскім перакладзе на беларускую мову прагучалі у выкананні літаратурнага народнага тэатра “Жывое слова” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка пад кіраўніцтвам Алесі Сівохінай і Алеся Мойскага.

Вершы Кабзара таксама гучалі і ў перакладах на польскую, англійскую, іспанскую, французскую, нямецкую, кітайскую мовы ў выкананні навучэнцаў 3 курса лінгвагуманітарнага каледжа Беларускага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Музычным падарункам для ўсіх прысутных стала выступленне Акадэмічнага хору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таскама ансамбля «Ватра» пад кіраўніцтвам Аляксандра Валодчанкі.

Дыялог культур краін-суседак, краін-сябровак, распачаты Янкам Купалам, працягваецца і сёння.

Свята ладзіцца па ініцыятыве і дзейснай падтрымцы  грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Запавіт».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *