Автор: Музей

Музеі XXI ст. Новыя сэнсы, новая прастора, новыя вобразы

9–10 красавіка 2019 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца Міжнародная канферэнцыя «Музеі XXI ст. Новыя сэнсы, новая прастора, новыя вобразы”, арганізаваная Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь у партнёрстве з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы, Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, Фондам “Культурная спадчына і сучаснасць”, Беларускім камітэтам Міжнароднага Савета Музеяў “ІСОМ”, Рэспубліканскім Саветам дырэктароў музеяў.

Работа канферэнцыі скіравана на вырашэнне практычных пытанняў удасканалення, развіцця і эфектыўнага кіравання музеямі і музейнымі калекцыямі ва ўмовах хуткіх сацыяльных трансфармацый і пераўтварэнняў, а таксама на пошукі новых тыпаў камунікацыі і дыялогу, якія музеі павінны генерыраваць ў XXI ст.

У канферэнцыі прымаюць удзел музейныя спецыялісты, а таксама даследчыкі ў галіне музеалогіі і культурнай спадчыны з Беларусі, Германіі, Расіі, Латвіі, Літвы, Грузіі, Польшчы, Азербайджана, ЗША і Кітая. Сярод ключавых дакладчыкаў – Ганс Марцін Хінс, экс-Прэзідэнт Міжнароднага Савета Музеяў (2010–2016 гг.), Міхаіл Гнядоўскі, вядучы расійскі музеолаг, і Сяргей Ушакін, выкладчык Прыстанскага ўніверсітэта (ЗША), вядомы культуролаг і філосаф,.

Праблемнае поле канферэнцыі:

  • Дзейнасць музеяў у кантэксце глабальных праблем сучаснасці.
  • Узаемадзеянне музеяў з мясцовымі супольнасцямі.
  • Удасканаленне стандартаў прафесійнай музейнай дзейнасці.
  • Музейная адукацыя і камунікацыя, інклюзіўныя музейныя праекты.
  • Супрацоўніцтва, партнёрства, адвакацыя ў сучаснай музейнай прасторы.

За апошнія дзесяцігоддзі музеі зведалі велізарныя змены, але нашы ўяўленні аб музеях як цэнтрах спадчыны і камунікацыі практычна не змяніліся. Тым не менш музейную супольнасць сёння не могуць не хваляваць выклікі і праблемы, з якімі яна сутыкнулася ў XXI ст. Якія з музеяў могуць і застануцца запатрабаванымі грамадствам? Якія ключавыя фактары і перспектывы ўплываюць на тое, як павінны і могуць дзейнічаць музеі ў сучасных умовах? Як на музеі ўплывае змяненне дэмаграфічнага клімату, эвалюцыя звязаных з імі супольнасцяў? Якое патэнцыйнае ўздзеянне на музеі аказвае глабальны рынак мастацтва? Нарэшце, як музеі сёння павінны рэагаваць на сацыяльныя і палітычныя змены, на трансфармацыю патрэбаў музейнай аўдыторыі?

Адказ на гэтыя выклікі і праблемы паспрабуем знайсці на маючай адбыцца міжнароднай сустрэчы прафесіяналаў.

Задача канферэнцыі – стварыць перспектыўную платформу для пастаяннага супрацоўніцтва як унутры музейнай экспертнай супольнасці Беларусі, так і ў больш шырокім міжнародным кантэксце.

Азнаёміцца з праграмай міжнароднай канферэнцыі

Музычная праграма «Тутэйшы»

Аляксандр Віслаўскі – спявак, кампазітар, аранжыроўшчык. Вучыўся ў сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Беларускай Дзяржаўнай Кансерваторыі і Інстытуце культуры па класу акадэмічнае харавое дырыжыраванне.

Працаваў у маладзёжнай студыі ансамбля «Песняры» (1985-86), у ансамблі «Праспект (1986-87) і «Песняры» (1987-91); у эстрадным аркестры Белдзяржтэлерадыёкампаніі (1991-93); у эстрадным аркестры п/к М. Фінберга (1993-95); у групе «Рублёвая зона» (1995-97) і інш.

Праца над альбомам «Тутэйшы» на вершы Янкі Купалы працягвалася больш за год. Падбор вершаў заняў большую палову часу.

Праграма складаецца з 8-мі твораў:

 

  1. Дам я вам слоўца
  2. Тутэйшы
  3. Я ад вас далёка
  4. Памяці Шаўчэнкі
  5. Над калыскай
  6. Жыды
  7. Паўстань
  8. Песня мая

 

“На мой погляд, тэма, якая аб’ядноўвае гэтыя творы – гэта патрыятызм, любоў да Радзімы, да свайго народу. Я шчаслівы чалавек! Бог даў мне магчымасць і стварыў умовы для маёй працы. За апошнія тры гады – гэта трэці беларускамоўны альбом”.

 

Аляксандр Віслаўскі.

 

З Сусветным днём паэзіі!

У Сусветны дзень паэзіі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы было багата гасцей і цікавых падзей: з вучнямі сталічных школ ладзілі «Гуканне вясны», для супрацоўнікаў Пасольства Злучаных Штатаў Амерыкі праводзілі экскурсію і акцыю «Чытаем Купалу разам», прымалі слухачоў факультэта павышэння кваліфікацыі Беларускай Дзяржаўнай Акадэмііі музыкі і ўсе разам слухалі песні на беларускай, украінскай і рускай мовах у выкананні студэнтаў з КНР і, канешне, чыталі Янку Купалу па-беларуску і ў перакладах.

Дзякуй усім!

Свята адбылося!

24 сакавіка запрашаем пагукаць вясну ў Вязынцы

Фота Аксаны Ярашонак

Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы зноў запрашаюць усіх у Вязынку (Маладзечанскі раён) пагукаць вясну разам,піша Рэгіянальная газета.

Свята зладзяць 24 сакавіка. Пачатак — у 13.00.

У праграме:

  • веснавыя песні на гары
  • карагоды разам з усімі ўдзельнікамі свята
  • гульні для моладзі і дзяцей
  • традыцыйная музыка
  • танцы
  • кірмаш рамёстваў

Даехаць да Вязынкі можна або ўласным транспартам, або электрычкай з Мінска і Маладзечна

https://nn.by/?c=ar&i=226869

Свята “Паклон табе – вялікі наш Кабзар”

2 cакавіка 2019 года Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Мінскае грамадскае аб’яднанне ўкраінцаў “Заповіт”, адзначылі свята да 205-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі,  пры падтрымцы Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь.

Імя Тараса Шаўчэнкі, агорнутае асаблівай любоўю і хвалой, навекі стала нацыянальнай святыняй і гонарам. Яго слава з кожным годам шырыцца і па-за межамі роднай Украіны. Адным з першых творы Кабзара, якога лічыў духоўным настаўнікам, перакладаў на беларускую мову Янка Купала. Абодва народныя паэты стваралі новую нацыянальную літаратуру, змагаліся за духоўнае адраджэнне і незалежнасць сваіх народаў.

Вершы Тараса Шаўчэнкі прачытаюць прадстаўнікі розных пакаленняў украінскай дыяспары з Культурна-асветнага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Обрій” (г. Калодзшчы), МГАУ “Заповіт”. Да іх далучацца дзеці акрэдытаваных у Беларусі ўкраінскіх дыпламатаў Дзмітрый Цвердахлеб, Артур Ляшэнка, Ганна Шапіра і Маргарыта Андрэйчук.

Вершы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы “Памяці Шаўчэнкі” і ўрывак з паэмы “Тарасова доля” прачытае акцёр Алег Вінярскі.

У канцэртнай праграме запланаваныя выступленні фальклорнага ансамбля ўкраінскай песні і абрадаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Валодчанкі “Ватра”, які выканае песні на словы Шаўчэнкі “Думи мої, думи”, “Пливи, пливи, лебідь”, “По діброві вітер виє”. Тэнар Мікіта Ядлоўскі, а таксама заслужаны студэнцкі хор Мінскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. М. Танка “Gaudeamus”, якім кіруе Ларыса Ядлоўская, выканаюць украінскія народныя песні “Цвіте терем”, “Праля”, “Порізала пальчик”, “Туман яром”.

На ўрачыстае завяршэнне свята ўсе яго ўдзельнікі выканаюць знакамітую песню на словы Шаўчэнкі “Реве та стогне Дніпр широкий“.

 

“Старасвецкая Лошыца”

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы выказвае шчырую ўдзячнасць Кур’яновічу Юрыю Уладзіміравічу, пісьменніку, перакладчыку, гісторыку, мастаку за кнігу “Старасвецкая Лошыца”, перададзеную ў дар музею. Кніга распавядае пра гісторыю Лошыцкага маёнтка, лёс якога звязаны са шматлікімі імёнамі славутых людзей, сярод якіх – прадстаўнікі шляхецкіх родаў Прушынскіх, Друцкіх-Горскіх, вядомыя навукоўцы Мікалай Вавілаў, Аляксей і Эма Сюбаравы, Анатоль Валузнёў, пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і інш. Кніга дазваляе таксама прыадкрыць і яшчэ адну малавядомую старонку жыцця Янкі Купалы, даведацца пра людзей, з якімі наш паэт разам працаваў, з кім сустракаўся і сябраваў.

У час працы над кнігай Кур’яновіч Ю.У. звяртаўся да матэрыялаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Сярод дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і быў выяўлены вельмі каштоўны для купалазнаўцаў дакумент, раней невядомы рукапіс Івана Луцэвіча (Янкі Купалы), датаваны 6 жніўня 1920 г. – заява Яраслава Ясінскага аб прыёме на працу ў Мінскі губернскі зямельны аддзел з рэкамендацыямі С.Некрашэвіча і Янкі Купалы.

Янка Купала асабіста ведаў Яраслава Ясінскага па сумеснай працы ў Народным камісарыяце асветы ССРБ, і ў рэкамендацыі падкрэсліваў: “Тав. Ясінскага знаю як самага акуратнага і сумленнага працаўніка, якому можна даверыць самую адказную працу”. Добрым словам паэт успомніў Я.Ясінскага і ў пісьме ў рэдакцыю газеты “Беларусь”, дзе дзякаваў за дапамогу, аказаную падчас хваробы: “Вельмі паважаны Пане Рэдактар! Не адкажыце надрукаваць у Вашай газеце гэтых колькі слоў. 9 студзеня г.г. я цяжка захварэў… У часе гэтай маёй хваробы шмат асоб аказалі мне па-праўдзе братнюю помач і апеку. …Не магу не ўспомніць добрым словам д-ра Малькевіча, які на кватэры аказаў мне першую помач, а так жа прафесара Іваноўскага, Б.Тарашкевіча, Ясінскага, Ерохава і інш., што сваімі рукамі на насілках занеслі мяне з кватэры аж у бальніцу”.

Кніга “Старасвецкая Лошыца” Ю.У.Кур’яновіча – адзінае выданне, дзе ўпершыню друкуецца Заява Я.Ясінскага аб прыёме на працу ў Мінскі губернскі зямельны аддзел з рэкамендацыямі С.Некрашэвіча і Янкі Купалы, што значна павялічвае яе каштоўнасць.

Аўтару гэтага цікавага даследавання “Старасвецкая Лошыца” – Юрыю Уладзіміравічу  Кур’яновічу – хочацца пажадаць далейшых поспехаў у сваіх даследаванях, новых знаходак і адкрыццяў, і нараджэння новых кніг.

 

З удзячнасцю, КУПАЛАЎЦЫ

Запрашаем наведаць выставачны праект “Дрэвы, якія памятаюць Купалу”, падрыхтаваны Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы сумесна з Беларускім грамадскім аб’яднаннем фатографаў

Час не пашкадаваў многія сядзiбы, хаты, фальваркі, праз якія прайшоў жыццёвы шлях Янкі Купалы. Але ўважлівы падарожнік, вандруючы па купалаўскіх мясцінах, яшчэ можа адшукаць рэшткi алей i паркаў, i старыя дрэвы, якiя здолелi перажыць катастрафiчныя падзеi гiсторыi i надвор’я.

Дрэвы – дубы, лiпы, ясенi, клёны, таполi, яблынi – апеты ў шматлiкiх радках i творах Янкі Купалы. З дзён, калі іх бачыў паэт, мінула 100 і болей гадоў. За свой доўгі век гэтыя дрэвы змянілі абрысы сваіх крон, падняліся вышэй у нябёсы, многія з іх надаюць непаўторны каларыт наваколлю. Ідэя захаваць у здымках іх веліч і хараство аб’яднала кола фотамастакоў, якія выпраўляліся ў падарожжы з вясны па восень 2018 года.

Марына Бацюкова, Вячаслаў Бахметаў, Яўген Гараўскi, Жанна Мяленцьева, Вольга Сяргеева і куратар праекта Альберт Цэхановiч прэзентуюць плён сваіх вандровак – серыi i асобныя фотаздымкi, прысвечаныя як добра вядомым купалаўскiм мясцiнам – Харужанцы, Бяларучы, Карпiлаўка, так і менш вядомым – Ручын, Косiна, Юзафова, Гаяны, Сёмкава і інш. Выкананыя ў ручных аўтарскiх тэхнiках друку гэтыя работы адлюстроўваюць непаўторнае аблічча жывых дрэваў, што распавядаюць уласную быль цi казку і таму, хто гатовы слухаць, раскрываюць таямніцу Купалавага натхнення.

Выстаўка мастацкай фатаграфіі “Дрэвы, якія памятаюць Купалу” працуе да 6 сакавіка 2019 года па адрасе Мінск, вул. Янкі Купалы, 4.

Купалаўцы святкуюць 100-годдзе прыезду Паэта ў Мінск!

Сёння, 21 студзеня 2019 года, купалаўцы пілі святочную гарбату з адмысловых кубачкаў з аўтографам паэта – адзначалі 100-годдзе прыезду Янкі Купалы ў Мінск на сталае месца жыхарства.

Далучайцеся!!! Рабіце сэлфі з кубачкам гарбаты і размяшчайце ў сацыяльных сетках з #Kupala100Minsk #ЛюблюКупалу

Адкалядавалі! Час гукаць вясну!

Інтэрактыўная праграма “Калядкі ў Купалавым доме” у снежні 2018 і студзені 2019 года ладзілася рэкордную колькасць разоў – 58! Яе ўбычыла амаль 3000 чалавек, ад якіх мы пачулі многа цёплых і добрых слоў! Дзякуй усім вялікі!

Цікава, што распачалі і завяршылі праграму дабрачынныя Калядкі:

  • 13 снежня 2018 года музей далучыўся да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы сэрцы – дзецям», якая праводзілася ў рамках агульнарэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» Беларускім дзіцячым фондам. На свята ў музей прыехалі 50 дзяцей-сірот з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Магілёўскай і Віцебскай вобласці, а таксама юныя мінчане з прыёмных і шматдзетных сем’яў.
  • 17 студзеня 2019 года шэсць супрацоўнікаў музея, якія ўдзельнічаюць у праграме, паехалі з ёй і, канешне, з падарункамі ў госці ў Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў Завадскога раёна г. Мінска.

Дабрачынная праграма была арганізавана двойчы і для Асацыяцыі шматдзетных бацькоў Завадскога раёна, а яшчэ музей меў гонар прымаць удзельнікаў міжнароднага фестываля “Калядныя вечары на Залатой горцы” – узорны калектыў “Перлінка” пад кіраўніцтвам Маі Сайпель (Украіна, Хмельніцкая вобласць).

У гэтым годзе, як і заўсёды, мы прасілі дзяцей пісаць пажаданні ўсім людзям з Калядамі і Новым годам! Часта жадалі проста Шчасця, але цікава, што варыяцый напісання аднаго гэтага слова мы налічылі ажно 40!!!

Усміхніцесь і Вы:

  1. Щястья
  2. Щастя
  3. Щастье
  4. Щчасьтя
  5. Щасте
  6. Щастья
  7. ЩRСЬТЬR
  8. Щастие
  9. Щясьтье
  10. Счястья
  11. Счастя
  12. Счасця
  13. ᴐчаᴐтья
  14. Шчасьтя
  15. Шчасць
  16. Шчасцья
  17. Шчасця
  18. Шчасьтья
  19. Шчасцця
  20. Шчасцасце
  21. Шастя
  22. Шастья
  23. Шчасте
  24. Шчастья
  25. Шчашця
  26. Стящтя
  27. Сястя
  28. Счасце
  29. Сшасья
  30. С частья
  31. Счасця
  32. Счаштья
  33. Стечте
  34. Счасцья
  35. Счасте
  36. Сшасця
  37. Сичасця
  38. Сщастья
  39. Сщчастья
  40. Счастьстя

 

З 1 лютага пачынаем гукаць вясну! Запрашаем! Далучайцеся!

« Предыдущие записи Следующие записи »