Автор: Музей

Выстаўка «Сваякі» да 100-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў рамках Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” прэзентуе выставачны праект “Сваякі”, прысвечаны 100-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Адкрыццё праекта, які ствараецца як у класічным, так і ў віртуальным фармаце, адбудзецца ў Міжнародны дзень музеяў, 18 мая 2020 а 17.00 на сайце музея і на яго старонках у Facebook і Instagram. Матэрыялы праекта будуць публікавацца пад хэштэгам #сваякі100.

У маі – чэрвені на электронных пляцоўках з’явяцца яркія тэатральныя гісторыі ад заснавання да сучаснасці, якія распавядуць артэфакты з музейных калекцый – афішы, фатаграфіі спектакляў, узоры сцэнаграфічнага майстэрства… Кожны з іх сведчыць пра час, калі Янка Купала быў у тэатры ўдзячным гледачом, сябрам рэжысёраў і артыстаў, а таксама пра час, які тэатр жыве з імем паэта. Сярод экспанатаў будуць успаміны рэдактара “Нашай Нівы” Аляксандра Уласава, які сведчыў: “Тэатр ён [Янка Купала] любіў неяк асабліва, “па-купалаўску”, яго вачэй ніякім чынам нельга было адарваць ад сцэны”. З успамінаў Ларысы Гарэцкай вядома, што ў Беларускім дзяржаўным тэатры паэт глядзеў спектаклі з найбліжэйшага да сцэны крэсла левай ложы, каб быць поруч з героямі “Паўлінкі”, “Раскіданага гнязда” і “Тутэйшых”.

“Дарагія сваякі” – гэты цёплы зварот Віктара Манаева да калектыву музея стаў натхненнем для назвы выставачнага праекта. “Сваякі” – наш падарунак улюбёнаму тэатру, сваяцтвам з якім ганарымся і якому зычым наступныя 100 год плённага жыцця!

Гісторыя 1

 

Гісторыя 2

76 гадоў таму ў Томску адбылася прэм’ера спектакля «Паўлінка», рэжысёрам якой быў Леў Літвінаў. Менавіта гэтай пастаноўцы было наканавана заняць асобную нішу ў беларускім тэатральным мастацтве.

Сёння Літвінаўская «Паўлінка» з’яўляецца візітнай карткай Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы

 

Гісторыя 3

У афішах паўстае гісторыя жыцця легендарнай пастаноўкі. Асобныя афішы выпускаліся да юбілейных паказаў, бенефісаў акцёраў. Асаблівае месца займаюць афішы, створаныя мастакамі, у якіх адбілася іх уласнае разуменне п’есы.

 

Гісторыя 4

Вяршыняй Купалавай драматургіі з’яўляецца сацыяльна-псіхалагічная драма «Раскіданае гняздо». Завершана ў Акопах 4 верасня 1913 года, асобным выданнем драма выйшла толькі ў 1919 годзе ў Вільні

У 1921 годзе «Раскіданае гняздо» ўпершыню пастаўлена на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра Фларыянам Ждановічам.

Музею Янкі Купалы ў сяле Пячышчы — 45!

Адкрыццё музея 28 мая 1975 года стала знакавай падзеяй для ўсіх беларусаў!
З першых дзён свайго існавання музей быў і застаецца цэнтрам беларускай культуры ў Рэспубліцы Татарстан, дзе гасцінна сустракаюць наведвальнікаў многіх нацыянальнасцей, распавядаючы ім пра першага народнага паэта Беларусі
Зычым музею зацікаўленых і ўдзячных наведвальнікаў. А супрацоўнікам моцнага здароўя і дабрабыту!

Спачуванні

Калектыў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы глыбока смуткуе з-за смерці Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча.

Ад нас сышоў у вечнасць чалавек светлай душы і шчырага сэрца. Сын класіка нашай літаратуры Якуба Коласа, у спадчыну ад бацькі пераняў ён вялікую любоў і павагу да нашай роднай Беларусі.

Мы ведалі яго як добрага сябра, руплівага і нястомнага працаўніка. Яго ўспаміны пра Якуба Коласа, Янку Маўра, Янку Купалу захавалі для нас і нашых нашчадкаў жывую повязь з волатамі духу нашай Бацькаўшчыны.

Ад усяго сэрца спачуваем родным і блізкім Міхася Канстанцінавіча, падзяляем іх боль. Светлая памяць!

#першы КП

Рукапіс верша «Maja dola», які паступіў у фонды музея 10 ліпеня 1946 года ад ЦДАКР БССР (цяпер Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь), мае шыфр КП-1

Дарэчы, аўтограф верша ў 2016 годзе быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь

Напісаны беларускай лацінкай 15 ліпеня 1904 года верш «Мая доля» — самы ранні з вядомых беларускіх вершаў паэта.
Цікава, што на адваротным баку ліста напісаны па-польску верш «Kobiecie», які датуецца днём раней.

Выстаўка «Клумак з кніжкамі пад пахай»

2 красавіка 2020 года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы пачне працу выстаўка «Клумак з кніжкамі пад пахай».

Калекцыю выданняў мініяцюрных кніг прэзентуе Яўген Ксяневіч – бібліяфіл, збіральнік твораў сучаснага беларускага мастацтва.

Адна з прадстаўленых кніг мае на вокладцы мудрасць з Усходу: «Дом без кнігі – дзень без сонца». І сёння, калі ёсць шмат інфармацыйных крыніц, кніга застаецца сябрам, з якім можна пагутарыць, знайсці цікавыя звесткі, якіх яшчэ няма ў лічбавай прасторы.

Яўген Ксяневіч лічыць мініяцюрную кнігу вяршыняй паліграфічнага мастацтва. Выданне такіх кніг патрабуе тонкай работы мастакоў, друкароў, дызайнераў. Заўсёды падкрэслівае, што мініяцюрныя кнігі – гэта візітоўка паліграфічнага майстэрства краіны.

Першыя міні-кнігі былі выдадзены ў Мінску ў 1833 годзе. З таго часу гэта традыцыя працягваецца і сёння: многія выдавецтвы друкуюць мініяцюрныя кнігі.

На выстаўцы можна пазнаёміцца з кнігай на любы густ – гэта і класіка (айчыная і замежная), геаграфічныя атласы, кнігі з серыі «У брацкай сям’і народаў», кнігі Бібліі, кнігі пра смачную ежу, прыказкі і прымаўкі на розных мовах свету і інш.

Асобны раздзел выстаўкі прадставіць мініяцюрныя выданні твораў Янкі Купалы з фондаў музея.

У рамках выстаўкі будзе прэзентавацца новая кніга Яўгена Ксяневіча, кампазітара-песенніка, «Краіна мая, песня мая…», у якую ўвайшлі песні на вершы беларускіх паэтаў – Пімена Панчанкі, Змітрака Бядулі, Рыгора Барадуліна, Максіма Танка, Анатоля Сыса, Анатоля Вярцінскага, Івана Карэнды, Соф’і Шах, Анатоля Грачанікава, Генадзя Бураўкіна, Яўгена Пясецкага, Юрася Свіркі, Казіміра Сваяка, Змітрака Марозава, Эдуарда Акуліна, Міколы Шабовіча, Ліаніла Кароль, Валянціны Гіруць-Русакевіч, Навума Гальпяровіча, Сяргея Дарожнага, Сяргея Грахоўскага.

Выстаўка будзе працаваць у тым ліку ў рэжыме online на сайце і ў сацыяльных сетках музея.

« Предыдущие записи Следующие записи »