Категория: 2019 год

Віншуем!

Калектыў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы сардэчна віншуе сябра музея, выдатнага скульптара, народнага мастака Беларусі Льва Мікалаевіча Гумілеўскага з 89‑годдзем! Ваш дар удыхнуў жыццё ў бронзу, захаваўшы для нашчадкаў абліччы слаўных сыноў і дачок беларускай зямлі. Шчыра жадаем Вам шчасця, здароўя, энергіі, творчага натхнення!

ХІІІ Міжнародныя Купалаўскія чытанні

23–24 кастрычніка ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы прайшлі

 ХІІІ Міжнародныя Купалаўскія чытанні “НАМ ЗАСТАЛАСЯ СПАДЧЫНА”

 да 75-годдзя заснавання Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

Подробнее

“Душой я вольны чалавек”

З 21 кастрычніка па 5 снежня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі экспануецца выстаўка “Душой я вольны чалавек” да 110‑годдзя прыезду Янкі Купалы ў Санкт-Пецярбург. Горад, у якім паэт жыў і вучыўся ў 1909–1913, адыграў вялікую ролю ў станаўленні яго літаратурнага майстэрства, тут убачылі свет яго першыя зборнікі, адбылася трыумфальная прэм’ера “Паўлінкі” – знакамітай купалаўскай п’есы, якая і сёння з’яўляецца візітоўкай беларускага тэатра.

Выстаўка распавядае пра Пецярбург Янкі Купалы – адзін з цэнтраў беларускага нацыянальнага адраджэння, – знаёміць з колам сяброў і аднадумцаў, у якіх паэт знайшоў падтрымку. У экспазіцыі прадстаўлены выданні першай беларускай легальнай выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша аконца”, сярод якіх творы Янкі Купалы. Унікальныя дакументы і меморыі прадстаўляюць лідараў беларускага адраджэння: прафесара Браніслава Эпімаха-Шыпілу, этнографа Антона Грыневіча, Вацлава Іваноўскага, Алаізу Пашкевіч – і асвятляюць дзейнасць Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта, распавядаюць пра пецярбургскую пастаноўку “Паўлінкі” (1913), пра візіты паэта ў Ленінград у 1920–1930‑я гг. Карта з беларускімі адрасамі дазволіць адшукаць купалаўскія мясціны ў сучасным горадзе.

Асобны раздзел прысвечаны аднаму з першых прафесійных перакладчыкаў вершаў Янкі Купалы і блізкаму сябру паэта Апалону Карынфскаму, знаёмства з якім адбылося ў Пецярбургу. Рарытэты з музейных збораў прадстаўляюць таксама Максіма Горкага, Валерыя Брусава, Яўгена Мазалькова, Сяргея Гарадзецкага – перакладчыкаў Янкі Купалы. А комплекс, прысвечаны купалаўскаму перакладу паэмы Аляксандра Пушкіна “Медны коннік”, аднаму з самых значных у спадчыне беларускага творцы, прадстаўляе самога Купалу як перакладчыка рускай класікі.

Дакументальны аповед дапаўняюць мастацкія работы беларускіх жывапісцаў і графікаў Віктара Барабанцава, Уладзіміра Сулкоўскага, Янкі Раманоўскага, Віктара Александровіча, скульптараў Валяр’яна Янушкевіча і Паўла Лука.

ІV Нацыянальны форум «Музеі Беларусі»

Музей Янкі Купалы прыняў удзел у ІV Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі» і стаў адным з лідараў па колькасці атрыманых узнагарод:

  • Спецыяльны дыплом журы ў намінацыі «За лепшае прадстаўленне музея на экспазіцыі форуму»
  • Дыплом ІІІ ступені ў намінацыі «За лепшае музейнае выданне»
  • Дыплом I ступені ў намінацыі «За навацыі ў музейнай дзейнасці»

Дзякуем журы, віншуем калег і чакаем гасцей форуму ў нашым музеі!

« Предыдущие записи Следующие записи »