Категория: Без рубрики

З 19 мая 2018 года запрашаем наведаць выстаўку “Булгакаў – з’ява незаконная” з фондаў Літаратурна-мемарыяльнага музея Міхаіла Булгакава, філіяла Музея гісторыі горада Кіева

Два перыяды, на якія падзяляецца жыццё пісьменніка-містыка, пісьменніка-сатырыка Міхаіла Булгакава – дарэвалюцыйны кіеўскі і савецкі маскоўскі – прадстаўлены матэрыяламі з сямейных архіваў сваякоў і сяброў пісьменніка.

Подробнее

Выставачны праект “У дыялогу культур. Янка Купала і Сербія”

Выставачны праект “У дыялогу культур. Янка Купала і Сербія” прадстаўляе генія нацыянальнай літаратуры Беларусі Янку Купалу ў шырокім кантэксце беларуска-сербскіх культурных сувязей. Творы выдатнага паэта і драматурга, плён яго грамадскай дзейнасці сталі неад’емнай часткай духоўнай асновы беларускай нацыі. Жывая спадчына вялікага Песняра – непарыўная повязь з Бацькаўшчынай для беларусаў свету, крок да зразумення Беларусі, яе гісторыі, культуры для прадстаўнікоў розных народаў і краін. Папулярызуючы творчасць Янкі Купалы і знаёмячы замежную грамадскасць з выбітнай асобай беларускага нацыянальнага адраджэння, выстаўка працягвае традыцыі, закладзеныя самім паэтам, які ад імя свайго народа гаварыў “на свет цэлы”. Праект рэалізуецца ў рамках еўрапейскага Года культурнай спадчыны.

На аснове выяў музейных прадметаў са збораў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, матэрыяльных сведчанняў жыцця і творчасці Песняра, вядзецца расповед пра феномен Янкі Купалы – чалавека і творцы, асвятляецца значэнне літаратурнай і грамадскай дзейнасці пісьменніка для адраджэння і развіцця беларускай нацыянальнай культуры, навукі, дзяржаўнасці, уплыў яго паэтычнага свету і філасофскай думкі на фарміраванне ментальнасці беларусаў як еўрапейскай нацыі. Асобны комплекс прысвечаны стасункам Янкі Купалы з Сербіяй як важнаму этапу ў актыўным працэсе ўзаемапазнання двух славянскіх народаў. Купалавы творы ў арыгінале і ў мастацкім перакладзе на сербскую мову годна прадстаўляюць беларускі ўнёсак у агульны духоўны скарб сусветнай культуры.

Дакументальную частку выстаўкі дапаўняе серыя мастацкіх фатаграфій “Паэзія купалаўскіх мясцін”, прысвечаная знакавым для творчага лёсу Янкі Купалы куточкам Беларусі, мемарыялізаваным, каб захаваць унікальнае гісторыка-прыроднае асяроддзе: Вязынцы, дзе нарадзіўся будучы паэт, Яхімоўшчыне, у якой закрасаваў яго талент, Акопам, дзе створаны шэдэўры беларускай паэзіі і драматургіі, Ляўкам, светламу прытулку і крыніцы натхнення для пісьменніка ў цяжкія 1930‑я гг.

Падчас вернісажу прайшла грамадска-культурная акцыя “Чытаем Купалу разам”, якая ўзяла старт у 2012 годзе. Яе ўдзельнікі – тысячы беларусаў, а таксама госці нашай краіны, сярод якіх кіраўнікі і прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаваныя ў Рэспубліцы Беларусь. Акцыя з поспехам праходзіла ў Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Расіі, Грузіі, Украіне, Ізраілі, Фінляндыі, Славакіі. Сёлета Сербія далучаецца да краін, паяднаных з Беларуссю Купалавым словам.

21 кастрычніка ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы плацёжная сістэма Белкарт і Беларусбанк узнагародзілі пераможцаў конкурсу «Сам сабе дызайнер» (на лепшы дызайн пластыкавай карткі). Падарунак ад музея — экскурсія!

5 верасня 2017 года ў Шаўчэнкаўскім нацыянальным запаведніку адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “Ішла доля беларуса з доляй украінца …”

У Шаўчэнкаўскім нацыянальным запаведніку (г. Канеў, Тарасова Гара) адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “Ішла доля беларуса з доляй украінца …” з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
Назва выстаўкі – радок з паэмы Янкі Купалы “Тарасова доля”, прысвечанай Кабзару.
Янка Купала – першы перакладчык Тараса Шаўчэнкі на беларускую мову.
У 1939 годзе Янка Купала ўваходзіў у Рэспубліканскі камітэт па святкаванні 125-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі, выступаў на адкрыцці помніка ў Каневе.
Асобны раздел выстаўкі – работы выбітных мастакоў Беларусі Янкі Раманоўскага, Васіля Шаранговіча, Барыса Заборава, Міхала Басалыгі і Станіслава Рабашчука, якія раскрываюць паэтычныя вобразы Янкі Купалы.
Яркім сведчаннем беларуска-украінскай спадчыны стаў кніжны раздзел выставы, які склалі выданні перакладаў Янкі Купалы і Тараса Шаўчэнкі розных гадоў са збору Шаўчэнкаўскага нацыянальнага запаведніка.