Купальская ноч у Купалавым доме

На Купалле на святое
Рві, матуля, зелле тое,
Што ў нас папараць завецца!
І шчаслівым быць здаецца!
Як узыдуць з зелля кветкі,—
Будуць шчасце меці дзеткі,
Будзеш, маці, меці ў хаце
Долю, згоду і багацце!..
Янка Купала
Купалле лічылася часам цудаў: быццам бы толькі ў гэтую ноч расцвітала чарадзейная папараць-кветка, паданне пра якую ўвасобіла мару чалавека пра шчаслівае жыццё. З гэтай легенды пачынаецца мастацкі свет Янкі Купалы.
24 чэрвеня ў 18:30 Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае на “Купальскаю ноч у Купалавым доме”, якая адбудзецца напярэдадні дня нараджэння Янкі Купалы.
У праграме свята: традыцыйны купальскі вечар пры ўдзеле фальклорнага гурта “Этнасуполка” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, падчас якога пройдуць майстар-класы па пляценні купальскіх вянкоў і старадаўніх песнях і танцах.
Запрашаем усіх далучыцца ў Год гістарычнай памяці да мерапрыемстваў па ўшанаванні спадчыны першага народнага паэта Янкі Купалы.