15 снежня 2016 года адбылося адкрыццё каляднай выставы «З новай казкай»

На выстаўцы прадстаўлены малюнкі, створаныя падчас дабрачыннага мастацкага праекта “Малюем Каляды разам”. Аўтары мастацкіх работ – дзеці з аутызмам і іх сябры.

Праект быў арганізаваны Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы і Міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыяй “Дзеці. Аутызм. Бацькі” пры падтрымцы студэнтаў-валанцёраў з Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава.

Напярэдадні чароўных снежаньскіх дзён і самых доўгачаканых святаў – Калядаў і Новага Года, мы чакаем асаблівага настрою, марым аб здзяйсненні жаданняў ды недзе ў душы ўсё ж такі верым у цуд. Тое, што часам дзецям цяжка выказаць з дапамогай слоў, лягчэй было адлюстраваць на паперы з дапамогай фарбаў і пры падтрымцы новых сяброў, будучых мастакоў, навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава. Разам малявалі, вадзілі карагоды, спявалі “Елачку” у перакладзе Янкі Купалы на беларускую мову і дамовіліся аб хуткай наступнай сустрэчы.

У адкрыцці выстаўкі прымалі ўдзел аўтары малюнкаў, іх бацькі і сябры, а таксама пісьменніца-казачніца Алена Масла. Усе прысутныя далучыліся да інтэрактыўнай музейнай праграмы “Калядкі ў Купалавым доме”, наведалі кірмаш “Мішкавы пачастункі” і атрымалі асалоду ад музычнага выступлення струннага квартэту Белдзяржфілармоніі.

Кожны жадаючы можа дапамагчы дзецям з аутызмам, пералічыўшы пасільную суму на рахунак Міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі «Дзеці. Аутызм. Бацькі».

Разам рабіць важныя для краіны справы лягчэй!!!

Падчас работы выстаўкі з 15 снежня 2016 года па 31 студзеня 2017 года штодзённа (акрамя суботы і нядзелі) будзе праводзіцца інтэрактыўная музейная праграма “Калядкі ў Купалавым доме”.