Музейныя лабірынты. Час сямейных адкрыццяў

Запрашаем жыхароў г. Мінска стаць удзельнікамі праекта “Музейныя лабірынты. Час сямейных адкрыццяў”, які ладзяць 6 сталічных музеяў у перыяд з 29 сакавіка па 29 мая 2021 года.

Сямейныя каманды выправяцца ў захапляльнае падарожжа па музеях і знойдуць выхады з «лабірынтаў», якія знаходзяцца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь), Музеі гісторыі горада Мінска,  Беларускай хатцы і Літаратурным музеі Петруся Броўкі (філіялах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры).

Распачаць вандроўку можна з любога музея і перамяшчацца па іх у адвольным парадку. Таямнічыя і займальныя маршруты, захапляючы працэс пошуку і радасць адкрыццяў – усё гэта чакае ўдзельнікаў падчас музейных прыгод!

Якая б тэма не ўваходзіла ў кола інтарэсаў сям’і – гісторыя, тэатр, літаратура – музеі задаволяць самых дапытлівых, а маляўнічыя пуцяводнікі дапамогуць не заблукаць у музейных лабірынтах.

Падчас праекта сям’я будзе аб’яднана агульнай справай пошуку і знаёмства з артэфактамі, што паспрыяе ўзмацненню добрых стасункаў паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў.

Усе каманды атрымаюць ад арганiзатараў «Музейных лабiрынтаў» памятныя сувеніры. Самыя настойлівыя і дапытлівыя, хто не сыйдзе з дыстанцыі, возьмуць удзел у розыгрышы Суперпрыза – сямейнай вандроўкі па Беларусі ад генеральнага партнёра праекта – Нацыянальнага агенцтва па турызме.

Урачыстае падвядзенне вынікаў адбудзецца 29 мая 2021 года.

Культурны праект “Музейныя лабірынты” падорыць незабыўныя ўражанні і яркія эмоцыі як дарослым, так і іх дзецям, а веснавыя школьныя канікулы могуць стаць пачаткам сямейных адкрыццяў! На перыяд дзеяння праекта з 29.03.2021 па 23.05.2021 устаноўлена адзіная цана наведвання любога з музеяў-удзельнікаў – 10 рублёў для сямейнай каманды.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *