Музей

history_1

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы быў створаны 19 мая 1944 г. пры Акадэміі навук БССР і да 1962 г. уваходзіў у яе сістэму. Першым дырэктарам музея 31 чэрвеня 1944 г. была прызначана Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, жонка Янкі Купалы, заслужаны дзеяч культуры БССР. Навукова-даследчая дзейнасць музея, пачынаючы з 1945 г., была накіравана на камплектаванне матэрыялаў і прадметаў музейнага значэння з мэтай стварэння пастаяннага музейнага збору, фарміравання экспазіцый і выставак, складання бібліяграфічных даведнікаў і правядзенне навукова-даследчай работы, звязанай з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры.

У 1944 г. для патрэб музея быў адведзены трэці паверх Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды, 23. Тут 20 верасня 1945 г. была адкрыта выстаўка аб жыцці і творчасці Янкі Купалы, якая дазволіла пазнаёміць першых наведвальнікаў са спадчынай паэта. Супрацоўнікі музея імкнуліся найхутчэй ажыццявіць сваю асноўную мэту – стварыць пастаянную экспазіцыю музея. Усё ўскладанялася тым, што дом Янкі Купалы згарэў у першыя дні вайны (чэрвень 1941 г.), а разам з ім загінулі багаты архіў і бібліятэка паэта. У часы вайны загінуў і той архіў Янкі Купалы, які ён перадаў дзяржаўнай бібліятэцы ў даваенныя гады.

Летам 1949 г. была прынята пастанова Савета Міністраў БССР аб пераводзе музея Янкі Купалы ў асобны будынак па вул. Энгельса, 27. Пасля рамонту ў гэтым будынку ў маі 1951 г. была створана першая стацыянарная музейная экспазіцыя, якая прадэманстравала тыя нешматлікія матэрыялы, якія былі сабраныя падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў першыя пасляваенныя гады. Яны дазволілі адлюстраваць толькі дзве асноўныя тэмы ў творчасці Янкі Купалы: “Янка Купала – паэт і драматург” і “Янка Купала ў выяўленчым мастацтве”.Пастановай Савета Міністраў БССР ад 4 жніўня 1945 г. было вырашана пабудаваць асобны будынак для музея Янкі Купалы. Аднак, толькі ў 1956 г. будаўніцтва музея было ўключана ў генеральны план забудовы г. Мінска. 9 лістапада 1959 г. Літаратурны музей Янкі Купалы пераехаў у спецыяльна пабудаваны для яго будынак па вуліцы Янкі Купалы. У новым будынку была створана новая экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці паэта. Яна праіснавала да пачатку 1970-х гг.У выніку рэарганізацыі Акадэміі навук БССР у 1962 г. музей Янкі Купалы перайшоў у падпарадкаванне Міністэрства культуры БССР.

У 1973 г. супрацоўнікі музея пачалі працу над новым экпазіцыйным праектам, адметнай рысай якога стала тое, што ў экспазіцыі, акрамя літаратурнай часткі, прадугледжвалася значная мемарыяльная: фрагмент пецярбургскай кватэры Янкі Купалы, гасцёўня і кабінет ў доме паэта ў Мінску, куток маскоўскай кватэры мастака Елісеева і інш.

Новая эспазіцыя была створана за два гады і 5 мая 1976 г. ўрачыста адкрыта для наведвальнікаў (мастак – Эдуард Агуновіч). У 1990-я гг. праведзена мадэрнізацыя экспазіцыі, адлюстравана жыццё і дзейнасць Янкі Купалы ў 1920-1930-х гг. У 2007 г., да 125-годдзя паэта, былі адноўлены залы, прысвечаныя тэмам: “Жыццё і дзейнасць Янкі Купалы ў час Вялікай Айчыннай вайны. Таямніца яго смерці” і “Пецярбургскі перыяд ў жыцці паэта”.

Да 130-годдзя з дня нараджэння першага народнага паэта 3 жніўня 2012 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё новай профільнай экспазіцыі “Шляхі” Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.