Музей online

Віртуальныя экскурсіі даюць магчымасць кожнаму патрапіць на стацыянарную экспазіцыю «Шляхі» і пазнаёміцца з жыццём і творчасцю Янкі Купалы.

Відэаролікі маюць гукавое суправаджэнне на беларускай і англійскай мовах.

Калі ласка, выкарыстоўвайце і спасылкі на афіцыйныя сацыяльныя сеткі музея:

https://www.instagram.com/kupalamuseum

    https://www.facebook.com/museumkupala/

і наведвайце музей Янкі Купалы online.
У вас ёсць цудоўная магчымасць пазнаёміцца з унікальнымі экспанатамі і даведацца
пра жыццё музея сёння.
Сачыце за навінамі!
28.04.2020
Янка Купала — перакладчык.

Паэт перакладаў творы з 5 моў — польскай, рускай, украінскай, французскай і нямецкай. Усяго 92 творы 36 аўтараў. Сярод іх А. Пушкін, М. Лермантаў, М. Някрасаў, Т. Шаўчэнка, А. Міцкевіч, М. Канапніцкая і нават Эжэн Пацье, аўтар міжнароднага гімна «Інтэрнацыянал», які Купала пераклаў у 1921 годзе

У 1919-1921 гадах паэт стварыў паэтычны і празаічны пераклад «Слова аб палку Ігаравым», а ў 1937 пераклаў паэму «Медны коннік».
28.04.2020
Акопы — творчая калыска паэта.

На працягу 15 гадоў, з 1911 па 1926, Янка Купала прыязджаў да маці і сясцёр у фальварак Акопы на Лагойшчыне, у адну з самых прыгожых і маляўнічых мясцін на Беларусі. Тут ён нарадзіўся як лірык сусветнага значэння, як выдатны драматург. Больш за 80 вершаў, 5 паэм і 4 п’есы маюць памету «Акопы».
23.04.2020
«Шляхам жыцця»— трэці паэтычны зборнік Янкі Купалы, які быў выдадзены ў 1913 годзе.
Зборнік выйшаў у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша ваконца» тыражом 3000 экзэмпляраў і прысвечаны пецярбургскаму доктару Аляксандру Ярэмічу, на ўласныя сродкі якога і быў выдадзены.
Адметнасць зборніка ў тым, што ён, у адрозненні ад ранейшых выданняў, дайшоў да нас не толькі ў выглядзе апублікаванай кнігі. Захаваўся рукапісны варыянт, падрыхтаваны Купалам да друку, дзе на тытульным лісце рукою аўтара напісана: «Шчыра паважанаму доктару А.П. Ярэмічу гэту кніжку пасвячаю. Аўтор». 
Рукапісны зборнік «Шляхам жыцця» алічбаваны і таму кожны наведвальнік музея можа пагартаць старонкі зборніка, якому больш 100 гадоў.
20.04.2020
Янка Купала пачынальнік адной з самых дасканалых форм вершаў – санетаў – у беларускай літаратуры. Першыя санеты былі напісаны па-польску на пачатку творчага шляху ў 1906 годзе

У лістападзе 2019 года адбылася значная падзея — прэзентацыя выдання «Янка Купала. Санеты». Пад адной вокладкай сабраны ўвесь санетарый паэта, а гэта 22 верша, на 16 мовах свету🌍, у тым ліку на армянскай, грузінскай, кітайскай, мангольскай, літоўскай, іспанскай,сербскай і славацкай.

Для Бацькаўшчыны

Я зноў заснуўшую было жалейку
Бяру і пробую ў ёй галасоў:
Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў,
Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?

І пачынаю йграць з трывогай нейкай,
Хоць песня як і з даўных б’е часоў,—
Звініць, як вецер паміж верасоў,
І ўперагонкі рвецца з салавейкай.

А ўсё ж як тамка сваякі-суседзі
Яе паймуць, хацелася бы знаць,—
Ці блаславяць, ці ўтопчуць гідка ў гаць?

Адно, снуючы з сумам па праследдзі,
Я голасна йграць буду ў тайным брэдзе,
Для Бацькаўшчыны-маці буду йграць!

1918
17.04.2020
У кастрычніку 1910 года ў Пецярбургу выйшаў другі паэтычны зборнік Янкі Купалы «Гусляр». У зборнік увайшла паэма «Курган», якую Купала скончыў 23 мая 1910 года. Першыя радкі твора многія памятаюць яшчэ са школьных часоў:

Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, —
Ўдзірванелы курган векавечны.

Дуб галлё распусціў каранасты над ім,
Сухазелле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем глухім,—
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.

На Купалле там птушка садзіцца, пяе,
У Піліпаўку воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя.

Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз,
Перуны білі з краю да краю,—
Ён стаіць — гэта памяць людская, паказ…
Толькі гутарка ходзіць такая.

Арыінал рукапісу паэмы знаходзіцца ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лондане.
15.04.2020
 
Грай, мая жалейка,
Пей, як салавейка!

У сакавіку 1908 года ў Пецярбургу выходзіць першы паэтычны зборнік Янкі Купалы – «Жалейка». У зборнік уключана 96 твораў – вершы, пераклады, наследаванні, у тым ліку і верш «А хто там ідзе?»
Неаднаразова кампазітары, мастакі, скульптары, а таксама перакладчыкі звярталіся да твора. Першым пераклаў «А хто там ідзе?» на рускую мову – Максім Горкі, якому зборнік Янкі Купалы патрапіў у рукі летам 1910 года.
Дарэчы, на сённяшні дзень верш «А хто там ідзе» перакладзены на 1️⃣0️⃣0️⃣ моў свету.

А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
— Беларусы.

А што яны нясуць на худых плячах,
На руках ў крыві, на нагах у лапцях?
— Сваю крыўду.

А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды ж нясуць на паказ сваю?
— На свет цэлы.

А хто гэта іх, не адзін мільён,
Крыўду несць наўчыў, разбудзіў іх сон?
— Бяда, гора.

А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?
— Людзьмі звацца.
Я ад вас далёка бацькаўскія гоні…
У снежні 1909 года Янка Купала пераязджае з Вільні ў Пецярбург. Спыняецца на кватэры Браніслава Эпімах-Шыпілы, мовазнаўцы, патрыярха беларускага адраджэння, прафесара Пецярбургскага ўніверсітэта, які і дапамог паэту ўладкавацца на агульнаадукацыйныя курсы Аляксандра Чарняева👨‍🏫
Першы «пецярбургскі» верш быў напісаны толькі ў красавіку 1910 года.
Верш меў назву «Песня сонцу»

Вольным гоманам хвоек высокіх,
Туманамі санлівых нізін,
Казкай векаў блізкіх і далёкіх
Клічам, сонца, цябе як адзін!

Распусці залацістыя косы,
Схаладзелы загон ацяплі,
Аквяці лугавыя пакосы,
Ўсходы новыя сей на зямлі.

<…>

Як у свята купальскае, сонца,
Свой жывы абнаўляеш паглёд,
Аднаві славу нашай старонцы,
Аднаві як сумны народ!
23 студзеня 1916 года Янка Купала і Уладзіслава Станкевіч абвянчаліся ў касцёле св. Пятра і Паўла ў Маскве. У хуткім часе ў Мінску быў зроблены фотаздымак паэта і яго жонкі.
У канцы студзеня 1916 года Янку Купалу прызываюць на вайсковую службу ў дарожна-будаўнічы атрад Варшаўскай акругі шляхоў зносін. Ён служыць пад кіраўніцтвам брата Уладзіславы Францаўны – Вікенція Станкевіча.

Помнік, аўтары якога Леў і Сяргей Гумілеўскія, усталяваны ў 2006 годзе на Кутузаўскім праспекце ў Маскве. Твор перадае натхнёнасць і ўзнёсласць паэта, які ў Маскве ў 1915 годзе сустрэў даўнюю знаёмую яшчэ з віленскіх часоў Уладзіславу Станкевіч, якая неўзабаве стала яго жонкай. Пра шлюбны фотаздымак, які бачны ўжо на гэтым відэа, мы распавядзем у хуткім часе.

Ці любіце вы кнігі так, як любіў іх Купала?
Паралельна з дзейнасцю ў рэдакцыі газеты «Наша Ніва» Янка Купала ўладкаваўся на працу ў бібліятэку «Веды» Барыса Даніловіча. Тут захоўваліся лепшыя ўзоры сусветнай літаратуры, таму такая праца ішла на карысць паэту, стварала спрыяльныя ўмовы для самаадукацыі.
А вы ведалі, што Янка Купала быў сапраўдным дэндзі?
Паэт сачыў за модай і заўсёды выглядаў стыльна і элегантна.
На фотаздымку 1909 года, зробленым у рэдакцыі газеты «Наша Ніва» паэт апрануты ў класічны касцюм-тройку.
Дарэчы менавіта гэты фотапартрэт, аформлены ў дыхтоўную драўляную раму, знаходзіўся ў папярэдняй экспазіцыі, створанай яшчэ ў 1976 годзе!

Восенню 1908 года Янка Купала прыязджае ў Вільню па запрашэнні братоў Луцкевічаў на працу ў рэдакцыю газеты «Наша ніва». Менавіта на старонках «Нашай нівы» адбыўся дэбют Янкі Купалы ў беларускім перыядычным друку: у №18 за 11 мая 1907 года надрукаваны верш «Касцу».
15 мая 1905 года адбылася значная падзея не толькі ў творчасці маладога паэта, але ўвогуле ў беларускай літаратуры. У рускамоўнай газеце «Северо-Западный край» быў надрукаваны верш «Мужык», падпісаны псеўданімам Я.Купала.
Род Луцэвічаў вядомы з XVII стагоддзя і бярэ свой пачатак ад Станіслава. Ён, а пасля яго дзеці і ўнукі, валодаў маёнткам Кукялёўшчына, вёскамі Слабодка і Цярпілаўка. Але надышоў 1831 год, калі паводле ўказа шляхта, якая не магла даказаць свайго паходжання, скасоўвалася.
Няпростай справай доказу шляхецтва займаўся дзед Янкі Купалы, Ануфрый Дамінікавіч. Ён збіраў патрэбныя дакументы, пісаў прашэнні, але судовая цягніна скончылася не на карысць Луцэвічаў. У 1864 годзе сям’я паэта была запісана ў лік «мінскіх граждан».
Пазнаёмім Вас і з музычнымі талентамі Янкі Купалы. Акрамя таго, што паэт меў добры слых, у дзяцінстве сам граў на музычных інструментах — скрыпцы і жалейцы.
«Жалейка» — менавіта такую назву атрымаў першы паэтычны зборнік Янкі Купалы, пра які мы распавядзём у наступных відэа.
І першы экспанат — макет дома ў Вязынцы, дзе 7 ліпеня 1882 года нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч (Янка Купала). Праехаўшы ўсяго 40 кіламетраў ад Мінска можна апынуцца ў маляўнічым куточку Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка «Вязынка».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *