Філіялы
ЗАПРАШАЕМ У ВЯЗЫНКУ!
Старэйшы філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы заснаваны ў Вязынцы ў 1945 годзе.
Тут захаваўся дом арандатараў, у якім у 1882 годзе нарадзіўся Іван Луцэвіч – будучы народны паэт Беларусі Янка Купала. З 1972 года гэты дом – сэрца Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка “Вязынка”. Створаная ў ім экспазіцыя прысвечана нараджэнню чалавека і нараджэнню паэта.
Літаратурна-дакументальная частка прадстаўляе архіўныя дакументы, фрагменты аўтабіяграфічных лістоў і паэтычныя радкі Янкі Купалы, што ілюструюць гісторыю рода Луцэвічаў і гісторыю Вязынкі.
У мемарыяльнай частцы ўзноўлены інтэр’ер сенцаў і пакоя, дзе жыла сям’я Луцэвічаў. Атмасферу даўняга побыту ствараюць аўтэнтычныя рэчы канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.
тэл. 8 (017) 542 33 88
ЗАПРАШАЕМ У ЛЯЎКІ!
У 1945 годзе ў Ляўках заснаваны філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. У 1978 годзе створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Ляўкі”.
Янка Купала ўпершыню наведаў мясціну ў 1935 годзе і быў зачараваны маляўнічымі краявідамі. На высокім беразе Дняпра, сярод стромкіх соснаў і бяроз была ўзведзена дача як падарунак паэту з нагоды 30-годдзя яго творчай дзейнасці. Тут Янка Купала праводзіў кожнае лета да 1941 года з сям’ёй і сябрамі. Літаратурна-дакументальная экспазіцыя, створаная ў будынку былой канторы Копыскага лясніцтва, знаёміць з жыццём і творчасцю паэта 1930–1940-х гадоў.
У 2015 годзе ў Ляўках створана новая літаратурна-дакументальная экспазіцыя. Скразной тэмай яе стала ўвасабленне вобраза “Госці”, разгорнутага ў аднайменным вершы ляўкоўскага цыкла. Госцем прыехаў у гэтыя мясціны Янка Купала. Як гаспадар дачы ўжо сам прымаў гасцей – жыхароў навакольных вёсак, сяброў-пісьменнікаў. Госці па сённяшні дзень прыязджаюць у Ляўкі, каб прайсці Купалавымі сцежкамі.
У гаражы экспануецца “Шэўрале”, падараваны Янку Купалу беларускім урадам у 1939 годзе.
Скульптар Анатоль Анікейчык стварыў помнік паэту. Кожны, хто завітае ў Ляўкі, мае магчымасць прысесці побач з Янкам Купалам і паглядзець на хараство мясціны, якая памятае апошні шлях паэта па роднай беларускай зямлі.
тэл. 8 (021) 657 16 46
ЗАПРАШАЕМ У АКОПЫ!
У 1989 годзе ў вёсцы Харужанцы Лагойскага раёна заснаваны філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Акопы”.
У Акопах Янка Купала нарадзіўся як лірык сусветнага значэння і выдатны драматург. Тут з 1911 па 1926 год ён напісаў больш за 80 твораў, сярод якіх вершы, паэмы “Бандароўна”, “Яна і я”, “Магіла льва”, п’есы “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Тутэйшыя”, зрабіў вершаваны пераклад на беларускую мову сярэднявечнага твора “Слова аб палку Ігаравым”.
Каля музея Вас сустракае кампазіцыя скульптараў Андрэя Заспіцкага і Генадзя Мурамцава “Малады Купала”. Створаная ў 1992 годзе экспазіцыя філіяла складаецца з дзвюх частак: мемарыяльнай (на месцы колішняга фальварка Акопы) і літаратурна-дакументальнай у вёсцы Харужанцы, якая знаёміць з самым плённым перыядам у творчасці Янкі Купалы, які ўпершыню прыехаў у Акопы ў 1911 годзе і назаўсёды палюбіў гэты прыгожы куточак Лагойшчыны.
тэл. 8 (017) 743 22 54
ЗАПРАШАЕМ У ЯХІМОЎШЧЫНУ!
У 2001 годзе адкрыты філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне, колішнім маёнтку з pазвітым вытворчым комплексам, у які ўваходзіў бровар, заснаваны ў 1893 годзе. На гэтым бровары ў 1906–1907 гадах працаваў малады паэт Янка Купала.
У Яхімоўшчыне напісаны выдатныя вершы, сярод якіх “А хто там ідзе?”, “Гэта крык, што жыве Беларусь…”, “Не дайце згінуць песняру”, “Ворагам Беларушчыны”, “Дуб”, “Воля”, што ўвайшлі ў першы паэтычны зборнік Янкі Купалы “Жалейка”.
Літаратурна-дакументальная частка экспазіцыі прысвечана станаўленню Янкі Купалы як нацыянальнага паэта, яго ролі ў беларускім нацыянальным адраджэнні пачатку ХХ стагоддзя.
Мемарыяльная экспазіцыя створана ў будынку, дзе жыў Пясняр. Тут цудам захаваліся дзверы з клямкай, якая памятае дотык Купалавай рукі.
тэл. 8 (017) 658 95 46