Акопы

Адрас: 223124, в. Харужанцы, Лагойскі раён, Мінская вобласць
Тэлефон: 8 017 743 22 54
Час працы: 10.00 – 17.00
Выхадны: панядзелак, святочныя дні

03

Філіял “Акопы” заснаваны паводле загаду ад 05.09.1989 № 141 Міністэрства культуры БССР, адкрыты для наведвання 29.08.1992 у гонар 110-й гадавіны з дня нараджэння паэта.

Менавіта ў Акопах Янка Купала нарадзіўся як лірык сусветнага значэння і выдатны драматург. Больш за 80 твораў Песняра маюць пазначэнне “Акопы”.

Тут з 1911 г. па 1926 г. з’явіліся паэмы “Бандароўна”, “Яна і я”, “Магіла льва”, “Гарыслава” (незавершаная), усе драматычныя творы, вершы філасофскага, грамадзянскага, пейзажнага гучання, празаічны пераклад “Слова аб палку Ігаравым” і інш.

Філіял “Акопы” складаецца з дзвюх частак: мемарыяльнай (на месцы колішняга фальварка Акопы, які з 1909 г. арандавала маці паэта Б.І.Луцэвіч і які пасля 1917 г. перайшоў да яе ва ўласнасць) і літаратурна-дакументальнай (на месцы колішняга хутара Міхалішкі, які згадваецца ў “Паўлінцы” (цяпер – вёска Харужанцы).

05

У 1991 г. у вёсцы Харужанцы быў узведзены драўляны будынак, дзе ў 5 залах размясцілася літаратурна-дакументальная экспазіцыя, што знаёміць наведвальнікаў з лагойскім перыядам жыцця і творчасці Янкі Купалы і раскрывае значэнне Купалавых шэдэўраў для будучых пакаленняў.

Яе асаблівасць у наяўнасці тэатральнай залы з унікальнай калекцыяй дакументаў, фотаздымкаў, тэатральных касцюмаў і іншых артэфактаў.

Аўтарам мастацкай канцэпцыі экспазіцыі стаў заслужаны дзеяч культуры Беларусі Эдуард Агуновіч.

01

Каля будынка бруіцца крынічка, а побач узведзены крыж у памяць аб былой сядзібе Міхалішкі.

За невялікім гаем, на паляне, размешчаны летні амфітэатр.

Недалёка ад музея наведвальнікаў сустракае кампазіцыя “Малады Купала” (скульптары А. Заспіцкі, Г. Мурамцаў).

У філіяле “Акопы” штогод праводзяцца семінары для маладых паэтаў Міншчыны, ладзяцца фінальныя канцэрты конкурсу аўтарскай песні “Купалаўскія вакацыі”.

Вам таксама будзе цікава:

#

З 1972 г. на тэрыторыі запаведніка да дня нараджэння паэта праводзяцца святы паэзіі.

#

Асноўным экспазіцыйным аб’ектам з’яўляецца дача Янкі Купалы (мемарыяльная зона).

#

Яхімоўшчына — адзінае “гняздо” пісьменніка, якое не разбурылі ні час, ні людзі.