Акопы

Адрас: 223124, в. Харужынцы, Лагойскі раён, Мінская вобласць

Тэлефон: 8 017 743 22 54

Час працы: 10.00 – 17.00
Выхадны: панядзелак, святочныя дні

31 снежня 2019 года адкрылася новая літаратурна-дакументальная экспазіцыя філіяла Акопы.

Асноўнай мэтай новай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі філіяла Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Акопы”  з’яўляецца раскрыццё вобраза Дома, напоўненага цяплом і ўтульнасцю для беларускага песняра Янкі Купалы, які ператварыўся ў “алтар” Творчасці для Паэта – выразніка духу свайго народа, стваральніка паэтычнага партрэта Айчыны ў эпоху духоўнага адраджэння беларускай нацыі, першых крокаў да атрымання Беларуссю ўласнай дзяржаўнасці.

Філіял “Акопы” заснаваны паводле загаду ад 05.09.1989 № 141 Міністэрства культуры БССР, адкрыты для наведвання 29.08.1992 у гонар 110-й гадавіны з дня нараджэння паэта.

У фальварку Акопы з 1909 па 1926 жылі маці і сёстры Янкі Купалы, да якіх ён прыязджаў на працягу 16 гадоў. Упершыню наведаўшы гэтыя месцы ў 1910 годзе, паэт палюбіў іх назаўсёды. Наваколле сядзібы стала для Янкі Купалы месцам літаратурных сустрэч, дыскусій, спасціжэння культурна-гістарычных традыцый.

Акопам беларуская літаратура абавязаная сваімі самымі яркімі старонкамі: тут Янка Купала напісаў больш за 80 вершаў, несмяротную камедыю «Паўлінка», драму “Раскіданае гняздо», трагікамедыю «Тутэйшыя», рамантычныя паэмы «Бандароўна», » Магіла льва», » Яна і я», «Гарыслава», празаічны пераклад «Слова пра паход Ігаравы». У Акопах расквітнеў геній Янкі Купалы, тут ён нарадзіўся як лірык сусветнага значэння і выдатны драматург.

Філіял “Акопы” складаецца з дзвюх частак: мемарыяльнай (на месцы колішняга фальварка Акопы, які з 1909 г. арандавала маці паэта Б.І.Луцэвіч і які пасля 1917 г. перайшоў да яе ва ўласнасць) і літаратурна-дакументальнай (на месцы колішняга хутара Міхалішкі, які згадваецца ў “Паўлінцы” (цяпер – вёска Харужанцы).

  

У 1991 г. у вёсцы Харужанцы быў узведзены драўляны будынак, дзе ў 5 залах размясцілася літаратурна-дакументальная экспазіцыя, што знаёміць наведвальнікаў з лагойскім перыядам жыцця і творчасці Янкі Купалы і раскрывае значэнне Купалавых шэдэўраў для будучых пакаленняў.

Аўтарам мастацкай канцэпцыі экспазіцыі стаў Аляксандр Давідовіч.

01

Каля будынка бруіцца крынічка, а побач узведзены крыж у памяць аб былой сядзібе Міхалішкі.

За невялікім гаем, на паляне, размешчаны летні амфітэатр.

Недалёка ад музея наведвальнікаў сустракае кампазіцыя “Малады Купала” (скульптары А. Заспіцкі, Г. Мурамцаў).

У філіяле “Акопы” штогод праводзяцца семінары для маладых паэтаў Міншчыны, ладзяцца фінальныя канцэрты конкурсу аўтарскай песні “Купалаўскія вакацыі”.

Вам таксама будзе цікава:

#

З 1972 г. на тэрыторыі запаведніка да дня нараджэння паэта праводзяцца святы паэзіі.

#

Асноўным экспазіцыйным аб’ектам з’яўляецца дача Янкі Купалы (мемарыяльная зона).

#

Яхімоўшчына — адзінае “гняздо” пісьменніка, якое не разбурылі ні час, ні людзі.