Вязынка

Адрас: 222322, в. Вязынка, Маладзечанскі раён, Мінская вобласць
Тэлефон: 8 017 542 33 88
Час працы: 10.00 – 17.00
Выхадны: панядзелак, святочныя дні

vyazynka2Філіял “Вязынка” заснаваны паводле пастановы ЦК КП(б)Б і СНК БССР ад 04.08.1945 № 1139-292 “Аб увекавечанні памяці Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы”, адкрыты для наведвальнікаў 20.06.1948. У 1972 г. створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Вязынка” (агульная плошча 21 га).

Менавіта тут, у колішнім маёнтку Вязынка, нарадзіўся Ясь Луцэвіч, будучы Народны паэт Беларусі Янка Купала (1882 – 1942).

На тэрыторыі запаведніка знаходзяцца рэчка Вязынка, якая дала назву мясцовасці, рэшткі былога маёнтка Замбжыцкіх: дом хатковых, свіран, хатка дваровых, стаў, стары сад, – а таксама гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі II–IV стст. н. э., валуны з высечанымі на іх радкамі з твораў Янкі Купалы, крыніца, дуброва, пасаджаная беларускімі пісьменнікамі да 100-годдзя з дня нараджэння паэта, помнік паэту (скульптар З. Азгур), малыя архітэктурныя формы, узгорыстыя і лясістыя ваколіцы, якія з’яўляюцца прыроднай экспазіцыяй гісторыка-культурнага ландшафту, што адыгрывае вялікую ролю ў творах Песняра.

vyazynka1

У 1972 г. паводле архіўных дакументаў і ўспамінаў старажылаў Вязынкі рэстаўравана хата, у якой у 1882 г. нарадзіўся будучы паэт, створана новая экспазіцыя (мастакі Э. Агуновіч, У. Капшай).

vyazynka3

У 2012 г. да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы праведзена мадэрнізацыя літаратурна-дакументальнай часткі экспазіцыі (мастак Г. Чысты), што прысвечана нараджэнню чалавека і нараджэнню паэта і ахоплівае адпаведна перыяд з 1882 па 1904 г. – час станаўлення асобы Яна Луцэвіча.

Кожны экспазіцыйны комплекс суправаджаецца паэтычнымі радкамі Янкі Купалы і фрагментамі яго аўтабіяграфічных лістоў.

У экспазіцыі выкарыстаны алічбаваныя матэрыялы: рукапісы Янкі Купалы і фатаграфіі з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы; копіі дакументаў з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.

IMG_1532У пакоі, дзе ў 1881–1883 гг. жыла сям’я Луцэвічаў, і сенцах узноўлены тагачасны інтэр’ер.

Атмасферу даўняга побыту ствараюць аўтэнтычныя рэчы канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, сабраныя ў ваколіцах Вязынкі.

У будынку свірана, рэканструяванага ў 1992 г., дзейнічае сезонная экспазіцыя “Народныя святы ў творчасці Янкі Купалы”.

З 1972 г. на тэрыторыі запаведніка да дня нараджэння народнага паэта Беларусі праводзяцца Рэспубліканскія святы паэзіі, песні і народных рамёстваў, з 1976 г. – традыцыйныя злёты студэнтаў-філолагаў БДУ, з 2010 г. – фінальныя канцэрты конкурсу аўтарскай песні “Купалаўскія вакацыі”, а таксама каляндарныя народныя святы.


Традыцыйныя святы на тэрыторыі філіяла «Вязынка»

«Багач»

На радзіме Янкі Купалы ў Вязынцы Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і музей Янкі Купалы кожную восень ладзяцьсвята Багач.

Багач – свята ўраджаю, якое звязана з днём восеньскага раўнадзенства. Да гэтага часу заканчваюцца работы ў поле, а ўраджай сабраны. Назва свята паходзіць ад слова “багаты” (так як у кожнай гаспадаркі сабраны ўраджай). Багачом таксама называюць і лубок з жытам, у сярэдзіну якога ўстаўлялася васкавая свечка. З Багачом абыходзілі ўсе двары ў вёсцы і вакол статка, а пасля яго ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва. Паводле народных павер’яў, Багач павінен быў забяспечыць дому багацце і шчасце.

Абрад скіраваны на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы, сямейнага ладу. Так як свята прымеркавана да восеньскага раўнадзенства, можна меркаваць, што адбываюцца і праводзіны Сонца.

bagach_u_vyazyntsy_09 bagach_u_vyazyntsy_38

bagach_u_vyazyntsy_11 bagach_u_vyazyntsy_02


Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…”

З зямлёй і небам звязвае мяне ніць –

    Неразарваная веквечна павуціна…

                                    Янка Купала

Вязынка – калыска паэта: тут, у адным з найпрыгажэйшых куткоў Міншчыны, нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч. З 1972 года кожнае лета ў пачатку ліпеня Вязынка збірае сяброў, каб адсвяткаваць дзень нараджэння Янкі Купалы. З усяго свету прыязджаюць госці на радзіму беларускага паэта.

свята паэзіі_11 свята паэзіі_6

свята паэзіі_4 свята паэзіі_7

На свяце можна пабачыць выступленні народных ансамблей музыкі і танца, калектываў аўтарскай песні, аматарскіх фальклорных калектываў Маладзечанскага раёна, з вуснаў сучасных паэтаў гучаць неўміручыя Купалавы радкі.

Па традыцыі госці свята аддаюць даніну павагі класіку беларускай паэзіі і ўскладаюць кветкі да помніка Янку Купалу.

У гэты дзень Вязынка запрашае наведаць кірмаш рамёстваў, а таксама набыць сувенірную прадукцыю з сімволікай свята.

свята паэзіі_8 свята паэзіі_9

свята паэзіі_10 свята паэзіі_3

 

Вам будзе таксама цікава:

 

Машына пісьменніка “Шэўрале” была падаравана яму ўрадам БССР у 1939 г.

Філіял “Акопы” складаецца з дзвюх частак: мемарыяльнай і літаратурна-дакументальнай.

У Яхімоўшчыне адбывалася грамадскае сталенне народнага паэта, узрастаў і мужнеў яго талент.