Калекцыі

collection_415

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы – гэта музей з развітай структурай фондаў. З дня заснавання дзейнасць Літаратурнага музея Янкі Купалы была скіравана на камплектаванне матэрыялаў і прадметаў музейнага значэння з мэтай стварэння пастаяннага музейнага фонду, фарміравання экспазіцый і выставак, складання бібліяграфічных даведнікаў і правядзення навукова-даследчай работы, звязанай з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры.Першым збіральнікам музейных рэліквій з’явілася жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, заслужаны дзеяч культуры БССР, стваральнік і першы дырэктар Літаратурнага музея Янкі Купалы. Ёй належыць вялікая заслуга ў пошуках, набыцці, захаванні рукапісаў, першадрукаў твораў, асабістых рэчаў пісьменніка і яго паплечнікаў. Уладзіслава Францаўна Луцэвіч збірала ўспаміны, заказвала жывапісныя палотны, графічныя лісты, скульптуры сучаснікам Янкі Купалы. Гэтыя матэрыялы і паклалі пачатак фондавых калекцый аднаго са старэйшых літаратурных музеяў рэспублікі – музея Янкі Купалы.На 01.01.2010 колькасць музейных прадметаў асноўнага фонду Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы складае 38425 адзінак захавання, навукова-дапаможнага – 12046 адзінак захавання.Усе музейныя прадметы размеркаваны па 22 калекцыях, якія адпавядаюць профілю музея і могуць паўнавартасна выкарыстоўвацца ў дзейнасці ўстановы. Найбольш значныя з іх:

“А” – аўтографы Янкі Купалы.

“А2” – рукапісы і перапіска родных, знаёмых і сучаснікаў Янкі Купалы. Калекцыя ўключае матэрыялы, якія дапамагаюць выявіць кола знаёмых Купалы, сведчаць аб сяброўстве і плённым супрацоўніцтве паэта з дзеячамі навукі і культуры, грамадскімі дзеячамі.

“Д” – дакументальныя матэрыялы да біяграфіі Янкі Купалы. Калекцыя складаецца з асабістых дакументаў паэта, пасведчанняў, даведак, грамат і інш.

“1Ф” – фотаздымкі Янкі Купалы. Калекцыя ўключае фотапартрэты і групавыя фотаздымкі, асобныя з іх з дарчымі надпісамі паэта і інш. асоб.

“2Ф” – фотаздымкі розных асоб (родных, сяброў, знаёмых Янкі Купалы і У.Ф.Луцэвіч); фота купалаўскіх мясцін, літаратурных вечароў і сустрэч, святаў паэзіі, юбілейных мерапрыемстваў, адкрыцця выставак, прэзентацый.

“1Кн” – кнігі Янкі Купалы. У гэтую калекцыю ўваходзяць прыжыццёвыя выданні твораў Янкі Купалы: зборнікі “Жалейка” (1908), “Гусляр” (1910), “Шляхам жыцця” (1913, 1923, 1935),

“Спадчына” (1922), “Безназоўнае” (1925), “Ад сэрца” (1940); асобныя прыжыццёвыя выданні твораў паэта; кнігі, брашуры, лістоўкі, агітплакаты з творамі песняра; зборы твораў розных гадоў выдання інш.

“2Кн” – кнігі з публікацыямі твораў пра Янку Купалу; манаграфіі, прысвечаныя творчасці песняра; эсэ; выданні, прысвечаныя памяці паэта; беларускія календары 1910 – 1935 гг.; буклеты; анталогіі; навуковыя выданні.

“4Кн” – кола чытання Янкі Купалы. Калекцыя вельмі разнастайная па тэматыцы, уключае ў сябе выданні беларускіх, рускіх, замежных пісьменнікаў ХІХ-ХХ стст. Вялікую каштоўнасць мае частка калекцыі “Кнігі з бібліятэкі Даніловіча “Веды” (у 1908 годзе Янка Купала працаваў у бібліятэцы “Веды” у Вільні).

“М” – творы мастацтва. Сярод іх найбольшую каштоўнасць прадстаўляюць прыжыццёвыя партрэты Янкі Купалы, напісаныя мастакамі Дз.Полазавым, Я.Кругерам, А.Бразерам, Ф.Красніцкім і інш. Калекцыя разнастайная па тэматыцы і тэхніцы выканання. Сярод аўтараў жывапісных работ можна вылучыць П.Сергіевіча, М.Савіцкага, В.Волкава і інш. Сюды ўваходзяць і творы многіх вядомых майстроў графікі: А.Кашкурэвіча, Г.Паплаўскага, Я.Раманоўскага, М.Басалыгі, В.Шаранговіча, М.Селешчука і інш. Да вобраза Купалы і яго творчасці звярталіся такія вядомыя скульптары, як А.Глебаў, З.Азгур, А.Бембель, А.Анікейчык, Ф.Янушкевіч, П.Лук, Л. і С.Гумілеўскія.

“Л” – матэрыялы, звязаныя з асобай У.Ф.Луцэвіч. Калекцыя ўключае асабістыя дакументы і рэчы жонкі Янкі Купалы, ліставанне з вядомымі грамадскімі дзеячамі, дзеячамі навукі і культуры, дакументы па гісторыі стварэння музея паэта. Асаблівую цікавасць выклікае перапіска з паэтэсай К.Буйло, мастаком Дз.Полазавым і інш.

“У” – матэрыялы, прысвечаныя ўшанаванню памяці Янкі Купалы. У калекцыю ўваходзяць матэрыялы мемуарнага характару вядомых паэтаў і пісьменнікаў: вершы, артыкулы, успаміны; рукапісы, машынапісы з подпісамі аўтараў: сваякоў і знаёмых паэта, пісьменнікаў, артыстаў і дзеячоў мастацтва. На аснове сабранага матэрыялу было выдадзена 2 зборнікі ўспамінаў пра паэта.