Наватарскі праект «Дом успамінаў» для людзей «60+»
На працягу 2020 года ў музеі Янкі Купалы рэалізуецца наватарскі культурна-асветніцкі праект “Дом успамінаў” для людзей “60+”.
У аснову аднаго з апошніх заняткаў былі пакладзены ўспаміны сведак Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку і Янкі Купалы, пасляваеннага часу, дакументы і фотаздымкі, а самі ўдзельнікі праекта сталі неацэннай крыніцай інфармацыі для музея. На працягу гэтага тыдня ўдзельнікі праекта запрашаюць вас у «сентыментальнае падарожжа».
26.06.2020
Чыкоўкіна Наталля Мікалаеўна ўспамінае:
“Мой тата, Чыкоўкін Мікалай Пятровіч, прайшоў усю вайну і дайшоў да Берліна, распісаўся на сценах Рэйхстага. Узнагароджаны медалямі за вызваленне Варшавы, узяцце Берліна, за перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Асабліва ганарыўся медалём “За баявыя заслугі”.
Прайшлі праз усе жахі вайны і без звестак зніклі браты майго бацькі Аляксандр і Павел, а таксама брат мамы Іван.»
25.06.2020
Вялікая вайна… і вялікая трагедыя… Трагедыя для ўсяго народа, трагедыя для кожнай сям’і.
Сёння гісторыю сваёй сям’і распавядае Курская Святлана Валянцінаўна.
Яе дзядуля — Сцяпура Ананій Іванавіч у 34 гады застаўся на вечна ляжаць у зямлі чужой дзяржавы. Ананій Іванавіч памер ад ран 26 снежня 1944 года пры вызваленні Будапешта.
23.06.2020
Працягваем распавядаць гісторыі ўдзельніц праекта «Дом успамінаў».
Каледзіна Людміла Міхайлаўна нарадзілася ў горадзе Старыя Дарогі, але 60 гадоў пражыла ў Маскве. Яе бацька, Міхаіл Каледзін, як і Янка Купала, быў узнагароджаны медалём «За абарону Масквы».
Маці, Алена Праташчык, марыла паступіць у інстытут, а потым вучыць дзяцей, але вайна змяніла ўсе планы. У Старых Дарогах маці з сям’ёй сталі сувязнымі партызанскага атрада.
Старыя Дарогі вызвалілі 28 ліпеня 1944 года. Нарэшце спраўдзілася мара Алены Трасаўны: яна пайшла працаваць настаўніцай пачатковых класаў у Старадарожскай сярэдняй школе, пазнаёмілася з Міхаілам Каледзіным, ажаніліся і пражылі ў каханні 46 гадоў!
22.06.2020
Сёння гісторыю сваёй сям’і падчас Вялікай Айчыннай вайны распавядае Салаўёва Лілія Давыдаўна.
Яе бацькі прайшлі праз усю вайну. Бацька, Савульскі Давід Барысавіч, пасля знаходжання ў яўрэйскім гета быў пераведзены ў канцлагер Трэблінка, адкуль у жніўні 1942 года ўцёк. А маці, Ніну Георгіеўну, пагналі ў Нямеччыну працаваць у сям’і гестапаўца.