1 лістапада ў г. Пліска (Балгарыя), у гісторыка-культурным комплексе “Двор кірыліцы”, будзе адкрыты помнік-бюст Янку Купалу

Паэт, драматург, публіцыст, ён абудзіў Беларусь да новага жыцця, у сваіх творах адкрыў душу беларуса, яго памкненні і мары. Пісьменнік быў голасам свайго народа не толькі на радзіме, але і ў свеце. Яшчэ пры жыцці ён стаў для беларусаў прарокам, духоўным лідарам, сімвалам адданага служэння Бацькаўшчыне, а ў свеце для многіх знаёмства з нашай краінай, яе гісторыяй і культурай пачынаецца з Купалавых вершаў.

Творчая спадчына Янкі Купалы ўвайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры, стала неад’емным складнікам славянскай і еўрапейскай культуры. У Балгарыі яна набыла вядомасць ужо з сярэдзіны мінулага стагоддзя дзякуючы руплівай працы перакладчыкаў, якія перастварылі на балгарскай мове такія шэдэўры, як паэмы “Адвечная песня”, “Курган”, “Яна і я”, п’есу “Паўлінка”, шматлікія вершы. Жаданымі гасцямі былі балгарскія пісьменнікі на святкаванні 100-годдзя беларускага паэта ў Вязынцы.

Ушанаванне беларускага класіка на балгарскай зямлі – сведчанне плённага развіцця беларуска-балгарскага культурнага дыялогу, каштоўны знак сяброўства і павагі да нашай культуры і гісторыі. Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Пасольства Беларусі ў Балгарыі выступілі ініцыятарамі і каардынатарамі праекта. Мецэнатам – стваральнік гісторыка-культурнага комплекса “Двор кірыліцы” спадар Карэн Алексанян. Помнік створаны беларускім скульптарам Уладзімірам Слабодчыкавым. Урачыстасць адбудзецца з удзелам дыпламатычных прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікаў музея і аўтара помніка.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *