16 лютага ў Парыжы адбылася літаратурная вечарына-выстава “Завуся я толькі Янка Купала”

Мерапрыемства адбудзецца ў рамках святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, 135-годдзя Янкі Купалы і да Міжнароднага Дня роднай мовы.

Выстава панарамна прадставіць жыццё і творчасць Янкі Купалы, а таксама вобразы яго твораў, увасобленыя вядучымі мастакамі-графікамі беларускай школы Васіля Шаранговіча, Георгія Паплаўскага, Міхала Басалыгі, Барыса Заборава.

Знаёмства Янкі Купалы з Францыяй адбылося ў юнацтве праз творы майстроў прыгожага пісьменства. Блізкай гэтая краіна стала таму, што ў ёй знайшлі прытулак удзельнікі вызваленчага руху з абшараў Рэчы Паспалітай. Дэвіз “Свабода. Роўнасць. Братэрства” быў блізкі і Янку Купалу, паэту-Прароку беларускага нацыянальнага адраджэння.

Французскім шармам напаўніла асабістае жыццё Янкі Купалы яго жонка Уладзіслава Станкевіч. Яе маці, парыжанка Эмілія Станкевіч-Манэ захавала звычку да гальскай акуратнасці і прыхільнасць да французскай кухні і на беларускай зямлі, якая стала для яе другой радзімай. Цешча кансультавала паэта, калі той у 1921 годзе перакладаў “Інтэрнацыянал”.

Арганізацыя імпрэзы працягвае традыцыю беларускага дыпламатычнага корпусу па святкаванні юбілеяў Янкі Купалы пад эгідай ЮНЭСКА, распачатую ў 1962 годзе і найбольш шырока арганізаваную да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, калі імя паэта было ўнесена ў каляндарны спіс “Гадавіны выдатных асоб і гістарычных падзей на 1982 год”.

Падчас вечарыны творы Песняра прагучаць па-беларуску і на мовах свету ў рамках міжнароднай грамадска-культурнай акцыі “Чытаем Купалу разам”. Знакамітыя песні на словы Янкі Купалы выканаюць выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Пасля афіцыйнай часткі арганізатары запросяць гасцей на дэгустацыю беларускіх страў і напояў.

Выстава будзе ладзіцца ў будынку Пасольства Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *