17 верасня 2019 года адбылося адкрыццё выстаўкі “Мяжа была пад Мінскам. 1921–1941”

Выставачны праект беларускага гісторыка Ігара Мельнікава прысвечаны гісторыі міжваеннай польска-савецкай мяжы ў Беларусі.

На працягу апошніх 10 гадоў даследчык ладзіў экспедыцыі, вывучаў асаблівасці функцыянавання мяжы паміж Польшчай і БССР. Плён палявых даследванняў – вялікая калекцыя артэфактаў, фотаздымкаў і дакументальных матэрыялаў, што ўвайшлі ў кнігі “Мяжа ля Заслаўя 1921–1941 гг.” (2015) і “Мяжа была пад Мінскам 1921–1941 гг.” (2017).

Госці выстаўкі ўпершыню ў Беларусі ўбачаць сотні ўнікальных экспанатаў – памятак той цяжкой эпохі, калі Беларусь была падзелена паміж Савецкім Саюзам і Другой Рэччу Паспалітай. Асаблівую цікавасць выклікаюць дакументы, якія рэгламентавалі знаходжанне грамадзян у памежнай зоне, пашпарты і даведкі. Адмысловы раздзел прысвечаны барацьбе з кантрабандыстамі і працы польскай і савецкай выведкі.

Асаблівую ўвагу аўтар надае падзеям 17 верасня 1939 года на “мяжы цывілізацый”, калі Чырвоная Армія распачала “вызвольны паход” у Заходнюю Беларусь. Тады даваенная мяжа ператварылася ў “зону загароды”, якую аж да чэрвеня 1941 года ахоўвалі савецкія памежнікі, якія пасля нападу нацысцкай Германіі на СССР мужна змагаліся супраць ворага на “старой мяжы”.

Выставачны праект “Мяжа была пад Мінскам. 1921–1941” на аснове аўтэнтычных экспанатаў дазваляе паглыбіць веды і зразумець феномен даваеннай савецка-польскай мяжы, якая наклала вялікі адбітак на лёс беларускага народа і дзяржавы.

Праект прысвечаны 80-й гадавіне пачатку Другой сусветнай вайны і накіраваны на захаванне гістарычнай памяці пра тыя падзеі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *