19 красавіка а 17 гадзіне адбудзецца адкрыццё выстаўкі “Настаўнікам быў беларускі абшар” Барыса і Аксаны Аракчэевых.

Выстаўка – працяг добрай традыцыі мерапрыемстваў, прымеркаваных да дня народзінаў 19 красавіка выдатнага мастака і педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, кавалера ордэна Францыска Скарыны Барыса Аракчэева, які ўнёс незаменны ўклад у справу ўшанавання памяці Янкі Купалы.

Шляхі вайны ў 1944 годзе прывялі пачынальніка мастацкай дынастыі Аракчэевых на беларускую зямлю, якая стала для яго домам і крыніцай натхнення! Менавіта тэма беларускай прыроды, якая адрадзілася пасля жахаў вайны, надалей стане адной з вядучых у творчасці мастака. Краявіды Мінска, беларускіх мястэчак, выкананныя ў пазнавальным стылі майстра, працягваюць адначасова традыцыі рускага рэалістычнага мастацтва і французскага імпрэсіянізму.

Барыс Уладзіміравіч самастойна вывучаў беларускую мову, каб чытаць Купалу ў арыгінале. За гадзіну да смерці, 10 сакавіка 2013 года, мастак завяршыў палатно, прысвечанае Песняру, літаральна за некалькі дзён да адкрыцця персанальнай выстаўкі ў Купалавым доме, якую ён так шчыра чакаў.

Сёння справу бацькі працягвае яго дачка, мастак, куратар GaleriaKARAS Аксана Аракчэева. Плённае супрацоўніцтва з музеем Янкі Купалы ўжо праявілася ў шэрагу выставачных праектаў.

Яна адзначае: “Зараз я хачу паказаць тыя творы Барыса Аракчэева, якія яшчэ ніколі не экспанаваліся. Краявіды, напісаныя ў розныя перыяды творчасці мастака, створаныя падчас плэнэраў майстра са сваімі студэнтамі па нашай краіне. Знакаміты жывапісец, творы якога захоўваюцца ў шматлікіх музеях і галерэях Беларусі, за межамі краіны,  Б.В. Аракчэеў быў і выдатным педагогам. На выстаўцы упершыню будзе прадстаўлены эцюд 1961 года, напісаны ў ваколіцах Вязынкі – радзімы Янкі Купалы.

Я  – як справаздачу для таты – паказваю творы апошнія, зробленыя ў 2018 годзе. Гэта ілюстрацыі да кнігі казак Васіля Дранько-Майсюка «Таямніцы нашага садка»”.

Убачыць творы мастацкай дынастыі можна да 3 мая 2019г.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *