Запрашаем наведаць выставачны праект “Дрэвы, якія памятаюць Купалу”, падрыхтаваны Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы сумесна з Беларускім грамадскім аб’яднаннем фатографаў

Час не пашкадаваў многія сядзiбы, хаты, фальваркі, праз якія прайшоў жыццёвы шлях Янкі Купалы. Але ўважлівы падарожнік, вандруючы па купалаўскіх мясцінах, яшчэ можа адшукаць рэшткi алей i паркаў, i старыя дрэвы, якiя здолелi перажыць катастрафiчныя падзеi гiсторыi i надвор’я.

Дрэвы – дубы, лiпы, ясенi, клёны, таполi, яблынi – апеты ў шматлiкiх радках i творах Янкі Купалы. З дзён, калі іх бачыў паэт, мінула 100 і болей гадоў. За свой доўгі век гэтыя дрэвы змянілі абрысы сваіх крон, падняліся вышэй у нябёсы, многія з іх надаюць непаўторны каларыт наваколлю. Ідэя захаваць у здымках іх веліч і хараство аб’яднала кола фотамастакоў, якія выпраўляліся ў падарожжы з вясны па восень 2018 года.

Марына Бацюкова, Вячаслаў Бахметаў, Яўген Гараўскi, Жанна Мяленцьева, Вольга Сяргеева і куратар праекта Альберт Цэхановiч прэзентуюць плён сваіх вандровак – серыi i асобныя фотаздымкi, прысвечаныя як добра вядомым купалаўскiм мясцiнам – Харужанцы, Бяларучы, Карпiлаўка, так і менш вядомым – Ручын, Косiна, Юзафова, Гаяны, Сёмкава і інш. Выкананыя ў ручных аўтарскiх тэхнiках друку гэтыя работы адлюстроўваюць непаўторнае аблічча жывых дрэваў, што распавядаюць уласную быль цi казку і таму, хто гатовы слухаць, раскрываюць таямніцу Купалавага натхнення.

Выстаўка мастацкай фатаграфіі “Дрэвы, якія памятаюць Купалу” працуе да 6 сакавіка 2019 года па адрасе Мінск, вул. Янкі Купалы, 4.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *