3-га лістапада адбыўся творчы вечар «Ніна Лістота. Нараджэнне паэта»

Маладая паэтка Ніна Лістота ўпершыню выступіць з уласнай праграмай. Аўтар жыве і працуе ў Мінску, аднак яе паэтычную творчасць добра ведаюць у родным Маладзечне. Там яе творы гучалі на многіх пляцоўках і займелі сваіх прыхільнікаў. Творы аўтаркі друкаваліся ў газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісах “Маладосць”, “Бярозка”. Падборкі вершаў змяшчаліся ў зборніках моладзевай літаратуры “Час жыць!”

Цыкл твораў Ніны Лістоты пераведзены на ўкраінскую мову Пятром Сялецкім і апублікаваны ва ўкраінскім літаратурным часопісе “Киів”.

Пра тое, чаму нарэшце вырашыла зладзіць паэтычны выступ у Мінску, аўтарка кажа так: “Паэзія – тая жанчына, з якой мы былі верныя адна адной усё жыццё. Колькі сябе памятаю – пішу вершы. Вялікіх перапынкаў у нашых адносінах не здаралася… Аднак доўгі час я лічыла, што паэзія – гэта вельмі асабістае, тое, што з’яўляецца выключна тэрыторыяй маёй душы. Таму пускаць туды некага старонняга не хацелася. Але з часам я прыйшла да разумення, што здольнасці дадзеныя нам не проста так. Яны могуць крыху аздобіць жыццё тых, хто апынаецца побач. Таму пачала публікаваць свае вершы, часам выступаць. Адразу атрымала шмат станоўчых водгукаў. А гэтай восенню вырашыла зладзіць творчы вечар, сваё “Нараджэнне паэта” для публікі”

Госці імпрэзы пачулі вершы ў выкананні аўтаркі і некаторых іншых запрошаных выступоўцаў. Жывое музычнае суправаджэнне забяспечыла гітарыстка Надзея Барысава. Разам з ёй адмысловы рытм для вершаў на барабане думбека стварыў Віталь Акімаў. Бард з Маладзечна Марыя Гаўрыленка праспявала некалькі ўласных песень, напісаных на словы Ніны Лістоты.