4 кастрычніка адббылося адкрыццё пятага этапа Міжнароднага выставачнага праекта шасці музеяў з пяці краін «Шляхамі мовы і літаратуры», прымеркаванага да Года еўрапейскай культурнай спадчыны

Пашырыць дасведчанасць людзей пра багацце культурнай спадчыны Еўропы, яе ролю ў фарміраванні пачуцця агульнай ідэнтычнасці, развіцці грамадства, далучыць да місіі захавання і вывучэння здабыткаў еўрапейскай культуры максімальна шырокую аўдыторыю і найперш моладзь, захаваўшы пераемнасць пакаленняў, – мэты Года. Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Калінінградскі абласны гісторыка-мастацкі музей (Расія), Аб’яднанне мемарыяльных музеяў (Рыга, Латвія), Музей літоўскай літаратуры імя Майроніса (Каўнас, Літва), Літаратурны музей А.С. Пушкіна (Вільнюс, Літва), Музей літаратуры імя Адама Міцкевіча (Варшава. Польшча) захоўваюць спадчыну паэтаў, што не толькі вызначалі шляхі развіцця нацыянальных літаратур, але паспрыялі ўсведамленню і ўмацаванню нацыянальнага адзінства сваіх народаў, сталі іх духоўнымі прадстаўнікамі ў свеце. Паэтычны скарб, створаны Янкам Купалам, Адамам Міцкевічам, Аляксандрам Пушкіным, Янісам Райнісам, Крысціёнасам Данелайцісам, Янісам Майронісам – каштоўная частка агульнай еўрапейскай культурнай спадчыны, іх пісьменніцкі і жыццёвы лёс паяднаны шматлікімі творчымі стасункамі, а для Міцкевіча і Пушкіна, Купалы і Райніса – блізкім асабістым знаёмствам. Паэтаў лучыла і імкненне не толькі захаваць культурныя набыткі свайго краю, але пазнаёміць з імі далёкіх і блізкіх суседзяў, пракладаючы шляхі для дыялогу розных культур.

Праект, які аб’яднаў музеі пад лозунгам “Захоўваем спадчыну”, працягвае і развівае гэты творчы дыялог. У шырокім кантэксце еўрапейскага літаратурнага працэсу ён прадстаўляе спадчыну нацыянальных геніяў, кожны з якіх стаў візітнай карткай сваёй краіны, дазваляе паглыбіць разуменне агульнага і разнастайнага ў культурах краін-суседак, формы зберажэння і папулярызацыі спадчыны паэтаў у складзе музейных калекцый, экспазіцый, мемарыялізацыю мясцін, звязаных з іх жыццём і творчасцю. Выстаўкі праекта з поспехам прайшлі ў Калінінградзе, Юрмале, Варшаве, Вільнюсе. Цяпер Мінск прадстаўляе шэсць скарбніц мастацкага слова з пяці еўрапейскіх краін, якія даюць магчымасць прайсці “Шляхамі мовы і літаратуры” разам са славутымі Песнярамі сваіх народаў.

Наведаць выстаўку можна да 27 кастрычніка 2018 года.

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ляшковіч Алена

Дырэктар Аб’яднання мемарыяльных музеяў Латвіі Рыта Мэйнэрт

Дырэктар Музея літоўскай літаратуры імя Майрониса Альдона Русецкайте

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Калінінградскага абласнога гісторыка-мастацкага музея Вольга Шчаглова

Галоўны спецыяліст па супрацоўніцтве з знешнімі айчыннымі і замежнымі арганізацыямі Літаратурнага музея імя Адама Міцкевіча Катажына Якімяк

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *