7 ліпеня ў парку імя Янкі Купалы адбылася ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да помніка паэту

У дзень нараджэння класіка яго слова збірае і з’еднывае ўсіх, у чыіх сэрцах гарыць нязгасны агонь шчырай любові да Бацькаўшчыны. Той агонь, што жывіў паэзію Янкі Купалы – беларускага Песняра і Прарока. Янка Купала стаў сімвалам Беларусі, ён вызначаў духоўныя арыенціры сучаснікам і нашчадкам. Псеўданім, абраны ў гонар Купалля – старажытнага свята, прысвечанага Сонцу, – засведчыў непарыўную знітаванасць мастацкага свету паэта з найкаштоўнейшымі скарбамі беларускай духоўнасці. Свой магутны талент ён прысвяціў Бацькаўшчыне, жыў і ствараў “з адною думкаю аб шчасці Беларусі”. Слова Янкі Купалы – паэта, драматурга, публіцыста – служыла адраджэнню роднага краю, станаўленню яго дзяржаўнасці. Сёння яно гучыць ў нашай мове, у нашай паэзіі, жыве ў нашых сэрцах.

Да цырымоніі далучыліся прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, нашчадкі Янкі Купалы, ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, ГА “Беларускі саюз мастакоў”, ГА “Беларускі фонд культуры”, установы культуры і адукацыі.

Аздобай літаратурнага свята сталі песні на словы Янкі Купалы ў выкананні Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь і салісткі Беларускай Дзяржаўнай філармоніі Марыны Васілеўскай. Радкі знакамітай паэмы “Адвечная песня” прачытала народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель, у выкананні акцёра Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Андрэя Новіка  прагучаў  верш “Я не паэта”. Вядучая мерапрыемства – артыстка Нацыянальнага Акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Валянціна Гарцуева.