7 лютага 2020 года а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў рамках XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу адбудзецца прэзентацыя выдання “Янка Купала. Санеты”.

7 лютага 2020 года а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў рамках XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу адбудзецца прэзентацыя выдання “Янка Купала. Санеты”. Кніга, створаная па ініцыятыве музея, пабачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 2019 годзе. Пад вокладкай сабраны ўвесь санетарый Янкі Купалы, а таксама пераклады на 16 моў свету, зробленыя спецыяльна для выдання і апублікаваныя ўпершыню. Складальнікі кнігі – Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алесь Карлюкевіч і дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч. Творчая ідэя па ставарэнні новай кнігі была паспяхова рэалізавана дзякуючы выдавецтву “Мастацкая літаратура”.

Падчас прэзентацыі адбудзецца творчая сустрэча з перакладчыкамі санетаў Янкі Купалы на іспанскую, чувашскую і кітайскую мовы: Анхелай Эспіноса Руіс, народным паэтам Чувашыі Валерыем Тургаем і сп. Лі Цзо.

Імя даследчыцы-славісткі і перакладчыцы Анхелы Эспіносы Руіс сёння добра вядома ў Беларусі. 4 верасня 2019 года ў Мадрыдзе на філалагічным факультэце Універсітэта Камплутэнсэ яна паспяхова абараніла доктарскую дысертацыю па беларускай літаратуры. Работа над санетамі Янкі Купалы – другі вялікі перакладчыцкі праект пасля выбраных твораў Максіма Багдановіча. Беларуская амбасада ў Іспаніі ўручыла Анхеле Эспіносе Руіс падзяку Міністэрства культуры Беларусі за значны ўнёсак у развіццё беларуска-іспанскага культурнага супрацоўніцтва.

Вялікі гонар для беларусаў, што пераклад санетаў Янкі Купалы на чувашскую мову ажыццявіў народны паэт Чувашскай Рэспублікі Валерый Тургай, які яшчэ напрыканцы 2019 года анансаваў адкрыццё мемарыяльнай дошкі Янку Купалу ў Чэбаксарах, дзе на пачатку Вялікай Айчыннай вайны на 2 тыдні спыняўся беларускі класік па дарозе ў Казань.

На кітайскую мову санеты Янкі Купалы пераклаў паэт і мастак Лі Цзо. Яго персанальная выстаўка “Мастацтва каліграфіі” працуе ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў дні правядзення XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. У каліграфічных надпісах прадстаўлены вершы самога мастака.

Выхад новай кнігі “Янка Купала. Санеты” – яскравы прыклад таго, як мова мастацкага твора дзякуючы рупліўцам-перакладчыкам становіцца пачаткам сяброўскага дыялогу паміж народамі і краінамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *