9 лютага адбылося адкрыццё персанальнай выставы мастака Ары Юхані Хар’ю “Адлюстраванне”

1Мастацтва – адмысловае люстэрка, у якім, прайшоўшы праз прызму ўспрыняцця і асэнсавання творцы, пакідае адбітак рэчаіснасць. Паэт, музыка, мастак па-новаму перастварае звыклае асяроддзе і вяртае яго нам як адлюстраванне, у якім свет рэчыўны спалучаны са светам духоўным. У кожным такім адлюстраванні неабыякавы чалавек знойдзе нешта непаўторнае, асабіста важнае, яно пакіне след у яго душы.

Адлюстраванне кароткай вандроўкі Янкі Купалы ў Фінляндыю ў 1910 г. –  адзін з першых беларускіх нарысаў “З Фінляндыі” і цудоўны верш “Над Іматрай”, натхнёны прыгажосцю і велічнасцю вадаспада на рацэ Вуоксе. Паэтычны аповед Янкі Купалы аб вандроўцы па “Фіншчыне дзіўнай”, якую ён ставіў у прыклад ашчаднага і паважнага стаўлення да роднай зямлі, яе гісторыі і культуры – адзін з першых культурных кантактаў паміж беларускім і фінскім народамі ў навейшы час. Сёння беларуска-фінскі культурны дыялог мае добрую традыцыю. Купалаў дом не ўпершыню прымае гасцей з Фінляндыі, тут быў прадстаўлены беларускі пераклад знакамітага карэла-фінскага эпасу “Калевала”.

Выстава Ары Юхані Хар’ю дае нам яшчэ адно адлюстраванне складанага, шматаблічнага свету. Жыццёвыя ўражанні, роздум мастака захаваныя ў малюнку і фарбах. Выстава знаёміць з яркім і самабытным прадстаўніком сучаснага фінскага выяўленчага мастацтва, якое здаўна годна ўвайшло ў сусветны мастацкі кантэкст.

Ары Юхані Хар’ю (1954) атрымаў мастацкую адукацыю ў Свабодным мастацкім інстытуце (Хельсінкі) і Мастацкім інстытуце Лімінка. Піша алеем, акварэллю, стварае графіку, кніжныя ілюстрацыі. Выставы праходзілі ў галерэях Фінляндыі, Расіі, Турцыі, Швецыі. Працы мастака захоўваюцца ў калекцыі Саюза графікаў г. Вааса (Фінляндыя), Мардоўскага рэспубліканскага музея выяўленчага мастацтва імя С.Д. Эрзі, прыватных зборах ЗША, Расіі, Швецыя, Іспаніі, Турцыі, Азербайджана і Фінляндыі.

Выстава створана па ініцыятыве і пры падтрымцы Аддзялення Пасольства Фінляндскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Праект прымеркаваны да 100-годдзя дзяржаўнай незалежнасці Фінляндыі і 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Фінляндскай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь.

Наведаць выставу можна да 1 сакавіка 2017 года.