15 студзеня 2018 года а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылося адкрыццё фотавыстаўкі Уладзіміра Сцяпана “ПАШТОЎКІ З ВЁСКІ”

Традыцыя мінулых стагоддзяў дасылаць сябрам з вандровак паштоўкі з выявамі адметных мясцін розных краін сёння ўжо не так актуальна. Амаль кожны мае магчымасць захаваць у памяці тое, што яго ўразіла, і падзяліцца гэтым з усім светам пры дапамозе ўласнага тэлефона.

Змяняюцца часы… Змяняюцца тэхналогіі… Змяняецца чалавек, які з цягам часу пачынае больш цаніць блізкае, чым далёкае. Іншаземныя славутасці застаюцца ў яго памяці здзейсненымі пунктамі плана падарожжаў, і ўсё часцей яны параўноўваюцца з месцамі, знаёмымі з дзяцінства і юнацтва. А прыгажосць свайго краю, простыя людзі, звычныя рэчы набываюць сапраўдную каштоўнасць.

Мастак, пісьменнік, калумніст газеты СБ “Беларусь сегодня” Уладзімір Сцяпан (сапр. СцепаненкаУладзімір) дасылае сябрам свае “паштоўкі” з вёскі Старынка і яе ваколіц, што на Віцебшчыне.

“Я – не фатограф! – прызнаецца аўтар выстаўкі “Паштоўкі з вёскі”. – У мяне нават сапраўднай камеры няма. На гэтай выставе толькі два дзесяткі фотакартак, надрукаваных на паперы. Гэта з сотняў-тысяч зробленых здымкаў. Магчыма, яны не самыя выразныя, не лепшыя, але калі я здымаў, то заўсёды здзіўляўся”.

“Малая рэчка Ушачка”, “Маркава гара”, “Летні навальнічны вечар”, “Пасля ліпеньскай залевы”, “Халодны жнівеньскі туман”, “Блакітны кастрычнік”, “Прывітанне, Казімір!”, “Добрая суседка Паўлаўна”, “Дома нікога няма, бачыш…”, “Адно вакно”, “Адзінота”, “Звычайнае святло”, “Высокія нябёсы”, “Вясковы космас”, “Беларускія казкі” – назвы работ адлюстроўваюць адметны погляд аўтара на гэтыя мясціны, яго любоў і захапленне, якімі ён шчодра дзеліцца з сябрамі.

Выстаўка працягнецца да 24 студзеня 2018 года.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *