14 верасня 2017 года ў Музеі Райніса і Аспазіі ў Рызе адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “Два Яны”

Выстаўка сумеснага праекта “Два Яны”, які прысвечаны знакавым для гістарычнай і сучаснай культурнай прасторы Беларусі і Латвіі асобам – Янку Купалу і Яну Райнісу.
З нагоды 135-годдзя Янкі Купалы мемарыяльныя рэчы паэта, што цудам ацалелі ў гады вайны, упершыню дэманструюцца па-за межамі Беларусі. Экспанаванне адной з найкаштоўнейшых калекцый музея ў доме Райніса – сімвалічная сустрэча паэтаў праз стагоддзе.
На 1926 год выпалі дзве важныя падзеі. Летам Янка Купала стаў гаспадаром Дома пад Таполяй у Мінску, які хутка набыў славу літаратурнага салона. У лістападзе яго асаблівым госцем стаў Ян Райніс, ганаровы ўдзельнік Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу.
У Латвію Янка Купала прыязджаў толькі аднойчы: у 1941 годзе ён быў запрошаны на З’езд Саюза латышскіх пісьменнікаў. Беларускі паэт наведаў і Юрмалу, дзе пад шум соснаў згадваў адзіную сустрэчу з Янам Райнісам.