Адкрыццё выстаўкі «Ты далёка. Ты блізка. Ты побач» у Будапешце

13 лютага 2020 года а 18-й гадзіне  Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Венгрыі запрашаюць на ўрачыстае адкрыццё выстаўкі «Ты далёка. Ты блізка. Ты побач», якое адбудзецца ў Расійскім культурным цэнтры ў Будапешце.

Выстаўка  прысвечана творчым і сяброўскім стасункам першага народнага паэта Беларусі з рускімі літаратарамі: тымі, чые творы былі школай паэтычнага майстэрства, і тымі, хто адкрываў рускаму чытачу культурны феномен – паэзію Янкі Купалы.

Янка Купала (Ян Луцэвіч, 1882–1942) – паэт, публіцыст, драматург, перакладчык, грамадскі і палітычны дзеяч. Яго творчасць – сімвал духоўнага адраджэння беларускага народа – уздымае беларускае мастацкае слова да сусветнага ўзроўню.

Пушкін, Лермантаў, Някрасаў, Крылоў – геніі «залатога» веку рускай паэзіі, творцы літаратурнай мовы, якія ўвасобілі ў мастацкім слове духоўны і гістарычны вопыт свайго народа. Гэтую задачу для Беларусі імкнуліся вырашыць Янка Купала і яго паплечнікі. На пачатку ХХ стагоддзя творы Янкі Купалы сталі паэтычнай дэкларацыяй імкнення беларусаў вярнуць годнае месца ў сям’і еўрапейскіх народаў. Вершы, поўныя любові да роднага краю, адкрылі свету Беларусь, а сам паэт як народны дыпламат прадстаўляў Бацькаўшчыну ў замежжы. Творчую спадчыну першага народнага паэта Беларусі зберагае Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, заснаваны ў 1944 г.

Янка Купала быў прыхільнікам творчасці паэтаў «сярэбранага» веку – сваіх сучаснікаў Л. Андрэева, У. Караленкі, Ф. Салагуба, І. Аненскага, А. Блока, К. Бальмонта, В. Брусава, С. Ясеніна, У. Маякоўскага, М. Клюева. Яркімі старонкамі творчай біяграфіі беларускага песняра сталі асабістыя сустрэчы з Валерыям Брусавым і Максімам Горкім.

Пры стварэнні выстаўкі выкарыстаны матэрыялы са збораў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы (Мінск, Беларусь), Расійскай нацыянальнай бібліятэкі (Санкт-Пецярбург), Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі (Масква).

У мастацкім раздзеле выстаўкі прадстаўлены ілюстрацыі да паэм Янкі Купалы «Адвечная песня» і «Яна і я» вядучых майстроў беларускай школы графікі Васіля Шаранговіча, Георгія Паплаўскага і Міхала Басалыгі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *