2 кастрычніка 2018 года быў усталяваны і адкрыты мемарыяльны знак Янку Купалу ў Фінляндыі, г. Іматра.

Міжнародны культурны праект па ўшанаванні першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы быў рэалізаваны па ініцыятыве Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Фінляндскай Рэспубліцы.

Мемарыяльны знак, створаны скульптарам Паўлам Вайніцкім, – памятка аб візіце Янкі Купалы ў Фінляндыю ў 1910 годзе, дзе паэтам быў створаны верш-балада “Над Іматрай”, прысвечаны сусветна вядомаму вадаспаду на рацэ Вуокса. Пра гэту яркую старонку біяграфіі паэта распавядала і выстаўка з фондаў музея, створаная ў рамках міжнароднага праекта “Янка Купала ў дыялогу культур”, якая экспанавалася ў Мэрыі.

Урачыстая цырымонія адбылася на цэнтральнай плошчы г. Іматра з удзелам супрацоўнікаў дыпламатычнай місіі, прадстаўнікоў Мэрыі, жыхароў і гасцей горада.  Мэр Кай Рослакка падкрэсліў, што міжнародны культурны праект па ўшанаванні памяці беларускага паэта Янкі Купалы спрыяе міжкультурнаму дыялогу паміж народамі Беларусі і Фінляндыі і з’яўляецца цудоўным падарункам да 70-годдзя Іматры, якую  называюць нацыянальным цудам Фінляндыі.

Вялікі гонар для беларусаў, што імя Янкі Купалы шырока вядома ў свеце. Гэтаму спрыяюць шматлікія мерапрыемствы па ўшанаванні паэта, сярод якіх адкрыццё помнікаў, мемарыяльных дошак і знакаў маюць вельмі важнае значэнне.

 

Цяпер і на беразе ракі Вуокса ля вадаспада Іматра ў Фінляндыі можна прачытаць наступныя радкі на фінскай і беларускай мовах:

Народны паэт Беларусі Янка Купала

ў 1910 годзе наведаў гэтыя мясціны

і стварыў натхняльны верш “Над Іматрай”.

Свабодай сваёю і роднай Суомі

Сягнуць быццам хочуць да зор.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *