“Аскар Марыкс – заснавальнік беларускай сцэнаграфіі”

21 ліпеня 2018 года ў выставачнай зале «Дварана» Міністэрства культуры Славацкай Рэспублікі, г. Браціслава адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “Аскар Марыкс – заснавальнік беларускай сцэнаграфіі” з фондаў Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры – філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Выстаўка прысвечана Аскару Марыксу, славаку па паходжанні, які стаў заснавальнікам беларускага прафесійнага дэкарацыйнага мастацтва.

Знаёмства Аскара Марыкса з народным паэтам і драматургам Янкам Купалам адбылося ў гады яго працы на пасадзе галоўнага мастака Першага беларускага дзяржаўнага тэатра. Янка Купала  на працягу многіх гадоў быў адданым сябрам тэатра, заўсёды прымаў актыўны ўдзел у пастаноўцы сваіх твораў, з ім раіліся рэжысёры, акцёры і дэкаратары.

Знаёмства двух Майстроў перарасло ў творчы тандэм аднадумцаў, аб’яднаных агульнай любоўю да тэатра, якому абодва служылі: адзін як мастак, а другі як драматург.

Сёння ў калекцыях Дзяржаўнага літаатурнага музея Янкі Купалы захоўваецца 48 работ Аскара Марыкса – эскізы касцюмаў і макеты дэкарацый да спектакляў па п’есах Янкі Купалы.

Цырымонія ўрачыстага адкрыцця выстаўкі адбылася пры удзеле Часовага Паверанага Беларусі ў Славакіі, супрацоўнікаў Пасольства, прадстаўнікоў Міністэрства культуры Славакіі, глаў акрэдытаваных у Славацкай Рэспубліцы дыпламатычных прадстаўніцтваў, членаў дыпламатычнага корпусу, прадстаўнікоў культуры і мастацтва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *